Вашчыкоўскі можа сустрэцца з Лукашэнкам падчас візіту ў Менск


Польскі бок атрымаў сігналы верагоднасці такой сустрэчы.

Падчас візіту ў Беларусь 22-23 сакавіка міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі можа сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта кіраўнік МЗС Польшчы распавёў у інтэрвʼю Польскаму радыё.

«Дакладна яшчэ невядома. Мы атрымалі сігналы пра верагоднасць такой сустрэчы, але пацверджання пакуль няма», – заявіў міністр.

У аўторак міністр Вашчыкоўскі прыбудзе ў Менск, дзе ў яго запланаваная сустрэча з Уладзімерам Макеям.

Паводле польскага міністра, гэта будзе азнаямляльны візіт пасля некалькіх гадоў халодных адносінаў на высокім узроўні.

«Я не ведаю, наколькі гэта важна для Беларусі. Для Польшчы гэта важна. Гэта наш сусед, і ў нас павінныя быць добрыя адносіны. Мы павінныя падтрымліваць беларускую дзяржаўнасць. Для нас важна, каб Беларусь была незалежнай, супрацоўнічала з Еўропай і каб у яе былі добрыя адносіны з Польшчай – сказаў Вашчыкоўскі.

У сераду польскі міністр пакіне Менск і накіруецца ў Горадню. Афіцыйны візіт скончыцца сентыментальнай нотай. Перад тым, як вярнуцца ў Польшчу, Вашчыкоўскі хоча затрымацца на некалькі гадзін у Ваўкавыску, дзе нарадзілася яго маці і дзе да вайны жыла яго сям’я.

ДД

Стужка навінаў