Варшава і Кіеў супраць лабістаў «Газпрому»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=k-iG8xhV9Mc&feature=youtu.be”][vc_column_text]Расея ўсё ж прымусіла Беларусь зрабіць авансавы плацеж за прыродны газ.

Узамен Менск просіць Маскву аднавіць пастаўкі нафты. Адначасова з тым «Беларусьнафта» прыступіла да здабычы газу на ўкраінскіх радовішчах з ужываннем тэхналогіі гідраразрыву пластоў. Падобным чынам здабываюць сланцавы газ. А Украіна разам з Польшчай падаюць у суд – але не на Крэмль, а на Еўракамісію.

Шок, недавер і асуджэнне – так афіцыйныя Кіеў і Варшава ўспрынялі рашэнне Еўракамісіі пашырыць доступ «Газпрому» да газаправода «Opal». Дзеянні Еўракамісіі ствараюць пагрозу энергетычнай бяспецы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і супярэчаць прынцыпам Энергетычнай супольнасці Еўразвязу, адзначылі ў сумеснай заяве Пятро Парашэнка і Анджэй Дуда.

«Я дзякую за дакладную падтрымку пазіцыі Украіны аб памылковасці рашэння Еўракамісіі дазволіць «Газпрому» павялічыць прапампоўванне газу праз трубаправод «Апал», што можа адкрыць дарогу другому рашэнню аб будаўніцтве газаправоду «Паўночная плынь-2», – заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Апал» – гэта наземная частка магістральнага газаправоду «Паўночная плынь», які гоніць газ у Нямеччыну і Чэхію ў абыход Беларусі і Украіны. Першапачаткова «Газпром» мог ужываць толькі палову магутнасцяў «Апалу», але напрыканцы лістапада атрымаў з Бруселю дазвол на дадатковыя 10 мільярдаў кубаметраў на год. Раней падвышаць магутнасць «Апалу» і класці на балтыйскае дно трубу «Паўночная плынь-2» не дазвалялі еўрапейскія санкцыі.

«Дазвол быў дадзены сыходзячы з тэхнічных меркаванняў, не бачачы палітычнага кантэксту, не бачачы ўсіх дзеянняў, якія робіць Расея, яшчэ больш прыцягваючы да сябе і робячы больш узаемазвязаным Еўразвяз у сэнсе паставак газу», – кажа дэпутат Еўрапарламенту, эксперт у энергетыцы Пятрас Аўштравічус.

Польская энергетычная дзяржкампанія PGNiG падала позву на рашэнне Еўракамісіі, Украіна рыхтуецца зрабіць тое самае. Яшчэ адзін вынік візіту Парашэнкі ў Варшаву: украінская і польская газатранспартныя кампаніі падпісалі пагадненне аб пабудове інтэрканэктару. У Польшчы будзе газ з нарвежскай трубы і марскіх танкераў, ва Украіны ўжо ёсць магутныя сховішчы. Дык спалучайма, саюзнікі!

«Мы ўвесь час гатовыя прыйсці Украіне на дапамогу, як і экспертную, гэтак і фінансавую, якая штогод вылучаецца Украіне польскімі ўладамі ў межах мадэрнізацыі краіны ды рэалізацыі рэформаў», – нагадаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Выходзіць так, што Украіна, Польшча і краіны Балтыі цяпер лідары ў пабудове Энергетычнай супольнасці, якую год таму дамовіліся стварыць краіны Еўразвязу. Калі Энергасупольнасць запрацуе, Абʼяднаная Еўропа будзе купляць нафту, газ і электрычнасць, як адзінае цэлае, а расейскія манапалісты будуць вымушаныя скідваць кошты.

«Гэта бяспека. Гэта альтэрнатывы. Гэта не адзін пастаўшчык, а некалькі пастаўшчыкоў. Гэта магчымасць мець запасы, магчымасць перадаваць газ з Захаду на Ўсход і наадварот, з Поўначы на Поўдзень і назад. Гэта абʼяднаныя энергетычныя сістэмы», – тлумачыць Пятрас Аўштравічус.

Падпісаць падпісалі, але злазіць з газпромаўскай іглы і ствараць Энергетычную супольнасць хочуць не ўсе краіны і не ўсе еўрапейскія палітыкі.Дзесьці не хапае палітычнай волі, дзесьці Крэмль проста купіў сабе лабістаў.

«Энергетычны лабізм вельмі эфектыўны. Ён мае грошы, мае каналы, ён мае агромныя рэсурсы, экспертаў, якія могуць прадставіць вам любы праект, што ідзе з «Газпрому», як божы падарунак», – мяркуе дэпутат Еўрапарламенту, эксперт у энергетыцы Пятрас Аўштравічус.

Найлепшы прыклад – Герхард Шродэр – сябра і партнёр Пуціна ў нараджэнні «Паўночнай плыні». Калі Шродэр сышоў з пасады нямецкага канцлера, яму адразу прапанавалі цёплае месца кіраўніка кампаніі-аператара газаправоду.

Масква не спыняецца і цяпер спрабуе сунуць трубу туркам праз Чорнае мора. Эрдаган не супраць, падпісаў адпаведны закон, а «Газпром» падпісаў кантракт са швейцарскай кампаніяй аб пракладванні газаправода «Турэцкая плынь».

«На гэты момант «Турэцкая плынь» не толькі дапаможа развіць нашыя стасункі, але таксама створыць новы шлях экспарту энергарэсурсаў у Еўропу», – заявіў прэм’ер-міністр ТурцыіБіналі Йылдырым.

Але памятайма, што амаль такія самыя словы гучалі 4 гады таму падчас урачыстага пачатку пракладвання газаправоду «Паўднёвая плынь» з Расеі ў Балгарыю. Тады нават першыя кавалкі трубы зварылі. Аднак не зраслося.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu, «ПраСвет»[/vc_column_text][vc_column_text]Іншыя тэмы ў праграме «ПраСвет»:

  • Чаму Лукашэнка загаварыў з палякамі пра гісторыю?
  • Ад чаго будзе абараняць еўрапейцаў новы цэнтр у Фінляндыі?
  • Навошта Расеі джыхадысты ў Сірыі?

[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=LRVl6RqlLQI”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў