Валанцёры набылі неабходныя рэчы сляпому паэту Алесю Чобату


Валанцёры ў гасцях у Алеся Чобата

Ініцыяваны праект на краўдфандынгавай платформе «Талака» па збору сродкаў на дапамогу сляпому паэту Чобату паспяхова скончыўся.

Удалося сабраць ажно 1195 рублёў замест 550. Гарадзенскія валанцёры перададзалі сродкі паэту.

Чобату перадалі сабраную дапамогу

«За частку сродкаў паэту набылі неабходныя рэчы, як зімовы абутак, коўдры, падкоўдранікі, посуд, майкі, спартовы касцюм, кашулькі, шкарпэткі. Чобат звычайна сам тэлефануе і кажа што трэба», – зазначае валанцёр Юры Седзянеўскі.

Але некаторыя праблемы застаюцца нявырашанымі. Зараз паэту патрэбны новы ложак. Стары ў жудасным стане.

Відэасюжэт «Белсату»

Усе рэчы падышлі, Чобат вельмі ўсцешаны. Вялася размова пра талаку, каб упарадкаваць хату ці хаця б веранду ўвесну. Зараз хата паэта знаходзіцца ў жудасным стане. Але Чобат не скардзіцца, зазначае, што пасля выхаду матэрыялу пра ягоны лёс на Belsat.eu да яго завіталі дзве жанчыны ды прыбраліся ў хаце і на падворку.

«Дзякуй валанцёрам і Белсату»

Акцыя па зборы сродкаў удыхнула ў паэта новае жыццё: «Людзі мілыя», – кажа Чобат, – «я сляпы паэт і жыву ў цемры. Дзякую Вам за дапамогу і хачу сказаць, што не мне аднаму дапамагайце, дапамагайце ўсім, каму гэта патрэбна. Я шчыра дзякую валанцёрам і «Белсату» за дапамогу».

Падчас прамовы на вачах у паэта наварочваюцца слёзы.

Але на гэтым акцыя па дапамозе Чобату не спыняецца.

«Магчыма, на вясну, будзе зладжаная талака, у якой змогуць прыняць удзел усе жадаючыя, каб прыбраць падворак, зрабіць касметычны рамонт у хаце паэта», – дадае Юры Седзянеўскі.

Алесь Чобат – аўтар шэрагу кніг, шматлікіх гісторыка-псіхалагічных эсэ, апавяданняў, хронік і біяграфіяў. Належыць да Саюзу беларускіх пісьменнікаў з 1993-га года і да Міжнароднага ПЭН-клубу з 1995-га. Перакладае з польскай мовы. Аўтар кніг «Год», «Новая Галілея», «Тутэйшая сага», «Край мой шчаслівы», «Кароткая гісторыя Беларусі». Аўтар гістарычных эсэ «Зямля св. Лукі», «Легенда пра чатырох мушкецёраў». Апошняя кніга – «Планета», выдадзеная ў 2016-м годзе.

Чытайце таксама:

МД, belsat.eu

Стужка навінаў