Валанцёраў у Воршы арыштавалі і выпісалі штрафы за дапамогу сабакам


У Воршы адбылося чарговае беспадстаўнае затрыманне. На гэты раз, ніяк не звязанае з акцыямі пратэсту недармаедаў. Валанцёры, што прыйшлі пакарміць сабак у вальерах, дзе іх часова трымаюць пасля адлову, апынуліся ў РУУС, правялі там ноч, а на ранку атрымалі штрафы.

7 валанцёраў былі затрыманыя на тэрыторыі КУП «Воршанская спецаўтабаза» нібыта за тое, што там яны знаходзіліся без дазволу. Пры гэтым, пра тое, што дазвол патрэбна прасіць і ў каго, не паведамлялася.

Вароты былі адчыненыя, спецыяльных правілаў праходу там няма. Больш таго, на ўваходзе валанцёраў сустрэў стораж, які запытаўся: «Куды?», і атрымаўшы адказ, што валанцёры ідуць карміць і фатаграфаваць адлоўленых сабак, прапусціў іх.

Сабакі, што фатаграфавалі валанцёры, каб знайсці жывёлам сапраўдных гаспадароў.

Але хутка да іх падышоў участковы міліцыянт і ўсіх без тлумачэнняў даставілі ў РАУС Воршы. Дырэктар спецаўтабазы Гатальскі А.Г. напісаў на валанцёраў заяву аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Тры хлопцы і дзяўчына былі закрытыя ў ізалятары часовага ўтрымання да суда. Сярод іх быў хлопец, які пакутуе ад эпілепсіі, але міліцыянты ўсё ж, верагодна, палічылі, што ён надта небяспечны і пакінулі яго ў пастарунку на ноч.

Усе валанцёры атрымалі штрафы ў памеры 20 і 25 базавых велічынь за адміністрацыйнае парушэнне па артыкуле 23.14 КаАП «незаконнае пранікненне на абʼекты пад аховай». Пэўна, гэтыя грошы пойдуць на ежу сабакам у пункце часовага ўтрымання КУП «Воршанская спецаўтабаза».

ВЧ, паводле egida.by

Стужка навінаў