Вакульчык прадставіў смартфон для «абароненай сувязі». Эксперт: Гэта тэлефон для сваіх, панылая кітайская «лапата»


Смартфон ад КДБ Беларусі.

Старшыня Камітэту дзяржбяспекі Валеры Вакульчык прадэманстраваў у эфіры «Беларусь-1» смартфон для урадавай сувязі. Паводле яго словаў, прылада была створаная па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі.

«Была пастаўленая задача распрацаваць абаронены мабільны тэлефон, які дазваляў бы весці закрытыя перамовы ў любым месцы і ў любы час з любой службовай асобай» – сказаў Вакульчык.

У прыладу ўбудаваны крыптамодуль, які забяспечвае шыфраванне. Пры спробе несанкцыянавага ўваходу ў сістэму ўвесь змест аўтаматычна выдаляецца. Як адзначыў Вакульчык, прылада пераўзыходзіць аналагі, «асабліва па сабекошце».

Смартфон ужо запускаюць у вытворчасць. Неўзабаве яго будуць мець не толькі высопастаўленыя беларускія чыноўнікі, але і некаторыя лаяльныя Беларусі краіны – гэта значыць, што смартфон пойдзе на экспарт.

Кірыл Смяглікаў

Эксперт у галіне тэхналогій, вядоўца праграмы «Дэвайс» на «Белсаце» Кірыл Смяглікаў тлумачыць, якія ўзнікаюць пытанні да гэтага «супер-смартфона».

«Смартфон ад КДБ – гэта не абароненая сувязь, а проста тэлефон для сваіх. Пачнем з таго, што яго прадставіў КДБ. Не міністр сувязі, не прадстаўнік ПВТ, а менавіта Вакульчык. Наконт абароненай сувязі: так, такія апараты павінны існаваць. Кіраўніцтва краіны мела спецсувязь і раней – гэта не танная забава. Аднак у большасці краінаў сёння чыноўнікі карыстаюцца не распрацаванымі пад сябе тэлефонамі, а спецыялізаванымі прыладамі ад сусветнавядомых карпарацый. Калі казаць пра экспарт, то падобныя тэхналогіі за мяжой не будуць запатрабаваныя, бо іх здольная стварыць для сябе амаль кожная дзяржава».

«Вельмі сумнеўная наяўнасць нейкай звыштэхналогіі. Думаю, тэлефон нічым не выбітны, папросту моцна кастамізаванае ядро нейкая вядомай аператыўнай сістэмы (магчыма, Android) плюс кітайскія запчасткі. З выгляду нагадвае даволі танны кітайскі смартфон – панылую «лапату», якая нікому не патрэбная».

«Што тычыцца крыптамодулю, шыфравання. Атрымліваецца, што звычайным грамадзянам непажадана выкарыстоўваць зашыфраваныя праграмы, а чыноўнікам дазволена?», – дадае Смяглікаў.

***

Нагадаем, раней адмыслова для кіраўніцтва краіны быў створаны цэнтр упраўлення сістэмай сувязі КДБ, дзе ўсе прылады, якія забяспечваюць шыфраванне – айчыннай вытворчасці.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары