Вакол Чарнобыльскай АЭС збудуюць сонечныя электрастанцыі


Трыццацікіламетровая зона адчужэння можа атрымаць новае жыццё, а былыя працаўнікі ЧАЭС – новую працу.

Паводле ўкраінскага міністра экалогіі Астапа Сямерака, у ягоным ведамстве разглядаюць варыянт перадачы зямлі ў арэнду для будаўніцтва сонечных электрастанцыяў.

«Пра жаданне пабудаваць у зоне адчужэння аб’екты, якія генеруюць электраэнергію з аднаўляльных крыніцаў, заявіў ужо шэраг замежных кампаніяў. І для нас гэта важна: стварэнне новых вытворчасцяў на гэтай тэрыторыі дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы і прыцягнуць да працы спецыялістаў, якія маюць досвед працы на ЧАЭС», – цытуюць заяву прэсавай службы міністэрства Naviny.by.

Астап Сямерак адзначыў, што міністэрства ўжо абвесціла конкурс на прадстаўленне дазволу на арэнду зямлі ў зоне адчужэння для мантажу  сонечных электрастанцый.

Раней украінскі ўрад знізіў кошт арэнды дзяржаўнай маёмасці ў Чарнобыльскай зоне: цяпер пры разліку арэнднай платы выкарыстоўваюць каэфіцыент 0,15 %.

Сусветныя лідары па пераўтварэнні сонечнай радыяцыі ў электраэнергію – Іспанія і Злучаныя Штаты.

ДД

Стужка навінаў