Вайсковыя могілкі ў Менску: супрацьстаянне працягваецца


Ужо больш за месяц валанцёры займаюцца ўпарадкаваннем пахаванняў на Вайсковых могілках у Менску. Актывіст Зміцер Юркевіч распавёў belsat.eu пра канфлікты паміж спецкамбінатам камунальна-побытавага абслугоўвання (КПА) і валанцёраў падчас працы.

Што ўжо зроблена?

За апошні месяц група валанцёраў прыбрала ўжо больш за 30-40 пахаванняў. Але дагэтуль супрацоўнікі камунальнай службы ды валанцёры не прышлі да агульнага пагаднення, таму не абыходзіцца без канфліктных сітуацый. На цяперашні момант працы валанцёраў спыненыя пасля інцыдэнту, калі адзін з валанцёраў вырашыў аднавіць надпісы на надмагіллі, дзе было напісана імя пахаванага.

«Усе было зроблена добра. Але гэта заўважыў намеснік дырэктар могілак, які выклікаў на нас міліцыю. Яны паглядзелі фотаздымкі, пабачылі, што інфармацыя перададзена адзін у адзін і проста папрасілі пакінуць могілкі, пакуль мы не атрымаем афіцыйнага дазволу на працу, каб не забіраць нас у пастарунак», – распавядае Зміцер Юркевіч.

Куды знікаюць агароджы?

На могілках дагэтуль адбываюцца дзіўныя справы: знікаюць агароджы – нават тыя, якія валанцёры пазначаюць як недатыкальныя – або заўважаюць падпілаванні на крыжах, якія могуць справакаваць абрушэнне.

«На якіх яшчэ крыжах мы можам знайсці такія рэчы? То бок гэта было зроблена з адной мэтай – каб гэты крыж хутчэй паваліўся і яго можна было адсюль вынесці і здаць на металалом. Літаральна на днях, пакуль нас тут не было, знікла яшчэ каштоўная агароджа даваенная, якую мы таксама пазначалі стужкай», – кажа актывіст.

Сваякі, якія таксама прымаюць удзел ва ўпарадкаванню пахаванняў, напісалі ўжо дзве заявы ў міліцыю па прычыне знікнення. Зміцер Юркевіч лічыць, што такіх выпадкаў будзе яшчэ больш. Звычайна людзі наведваюць могілкі на Радаўніцу, таму да гэтага часу выгляд большасці пахаванняў іх родных можа змяніцца.

Чакаецца, што на днях могілкі можа наведаць мэр Менску Андрэй Шорац, але Зміцер Юркевіч не бачыць у гэтым пазітыўных вынікаў:

«Ведаючы намесніка дырэктара спецкамбінату КПА Сяргей Тура, ён будзе вадзіць мэра па трухлявых мясцінах, дзе, напрыклад, крыж абваліўся, а побач можа стаяць старая каваная агароджа. Ён будзе паказваць крыж і казаць: «вось паглядзіце, у якім ён стане», а мэр будзе ківаць галавою на «так», каб гэта пачалі прыводзіць у парадак. А разам з гэтым крыжам пойдзе на металалом тая агароджа».

Нагадаем, спецкамбінат КПА праводзіць маштабнае добраўпарадкаванне менскіх Вайсковых могілак, падчас якіх былі знесеныя дзясяткі ўнікальных агароджаў. Прадстаўнікі камунальных службаў кажуць, што зносяць толькі тыя помнікі, якія відавочна знаходзяцца ў занядбаным стане. Актывісты лічаць гэткія звычайным вандалізмам.

ЮА, belsat.eu

Стужка навінаў