Вайсковы псіхолаг: Байцы вяртаюцца да мірнага жыцця, але вайну з іх жыцця ніяк не выкрасліш


Псіхолаг Андрэй Казінчук распавядае «Белсату», якой дапамогі патрабуюць украінскія жаўнеры, якія вяртаюцца з зоны АТА.

У траўні з усходняга фронту ва Украіне будуць дэмабілізаваныя больш як 30 тысячаў украінскіх жаўнераў. Ці змогуць яны адаптавацца да мірнага жыцця і якая ім патрэбная дапамога? Пра гэта мы размаўляем з вайсковым псіхолагам Андрэем Казінчуком.

«Белсат»: Паводле Міністэрства абароны, каля 85 % жаўнераў, якія вяртаюцца з вайны ў мірнае жыццё, маюць псіхічныя і псіхалагічныя траўмы. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці з вашага досведу?

Андрэй Казінчук: Я гатовы абвергнуць гэтую інфармацыю. Згодна з досведам маім і маіх калегаў, працэнт значна меншы. Калі гаварыць канкрэтна, то такіх даследаванняў ніхто не рабіў па адной прычыне: такія даследаванні праводзяцца толькі пасля вайны і толькі на працягу вельмі працяглага перыяду.

«Белсат»: Вы працуеце ў зоне АТА, праводзіце псіхалагічную працу з байцамі. Дзе ім лягчэй: ва ўмовах вайны ці пасля вяртання да мірнага жыцця?

Андрэй Казінчук: Натуральна, што гэта два розных света, а не проста два розныя месцы. Сустракаю людзей, якія кажуць: «Божа, як я хачу дадому!», так і тых, хто трапіў дамоў і кажа: «Не, лепш бы я вярнуўся, там больш зразумела і прасцей». Па гэтай прычыне я працую не толькі з вайскоўцамі, але і з членамі іх сем’яў. Каб працаваць з байцамі, трэба ахопліваць увесь свет, у якім ён жыве.

«Белсат»: Якая дапамога патрэбная байцам перадусім і з якімі найбольш складанымі сітуацыямі яны сутыкаюцца як на вайне, так і ў мірным жыцці?

Андрэй Казінчук: Калі баец вяртаецца, вельмі часта сутыкаецца з непаразуменнем. Бо там яго ўсе падтрымлівалі, а тут ён можа спаткаць нейкага чалавека, які можа яго не зразумець. Таму нам трэба працаваць і з грамадствам у тым ліку. Варта зрабіць такія рэчы, каб яго дзеці летам маглі паехаць адпачыць. Гэта тое, што спрашчае яму жыццё. У яго не баліць галава, што ён як мужчына не забяспечыў адпачынак для свайго дзіцяці. Вельмі часта людзі сутыкаюцца з такімі банальнымі рэчамі: ім патрэбныя дакументы, каб даказаць тое, што яны ваявалі. Яны праходзяць нейкія інстанцыі, могуць па 4-8 гадзінаў стаяць у чэргах. Трэба зрабіць так, каб такія працэдуры сталі больш лёгкімі. І трэба навучыць яго не выкінуць вайну з сябе, а навучыць жыць з ёй, бо гэтую частку яго жыцця ніяк не выкрасліш. Трэба рабіць усё, каб зразумець гэтага байца, а галоўнае паважаць тыя яго патрэбы, якія ёсць.

«Белсат»: Апошні выпадак у Кіеве, звязаны з забойствам міліцыянтаў. Падазраюцца ўласна добраахвотнікі, якія вярнуліся з вайны. Наколькі вялікая небяспека паўтарэння такіх сітуацый у тым ліку ў стасунку да простых грамадзянаў?

Андрэй Казінчук: Такія сітуацыі былі пасля В’етнаму, Афганістану – на жаль, гэта негатыўная заканамернасць. Як яе пазбегнуць? Для нас вельмі важна кантактаваць, весці дыялог, прычым не навязвацца. Сітуацыя, якую вы згадалі – тыя добраахвотнікі былі не проста пасля вайны, іх выгналі. Я такое называю «Джон Рэмба». Чалавек прыйшоў пасля вайны, і ён яе не выйграў. У яго засталася стадыя няскончанасці. І чалавек хоць нейкім чынам хоча яе выразіць, вось такім негатыўным чынам. Нам трэба працаваць з такімі людзьмі. То бок не проста чалавек скончыў вайну, і «Да пабачэння!» Гаворка ідзе не пра рэабілітацыю, а пра прыняцце і разуменне з боку грамадства. Я прашу не драматызаваць. Калі чалавек у рэстарацыі разбіў талерку, не варта выклікаць узвод спецназу. Галоўнае выразіць павагу. Калі вы бачыце, што гаворка ідзе пра небяспеку для тых, хто навокал, то ўжо тады трэба дзейнічаць згодна з законам, выклікаючы пэўныя органы.

Стужка навінаў