Вайсковы пераварот у Турцыі. Хвіліна па хвіліне


Турэцкае войска ўзяло пад кантроль Таксім, цэнтральную плошчу Стамбула. Крамы і рэстараны тут ужо зачыненыя.

У Турцыі адбываецца начны вайсковы пераварот.

Войска скарысталася адсутнасцю ў сталіцы прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана (ён адпачываў у Ізміры) і зрабіла спробу правесці вайсковы пераварот. Узяць пад кантроль усю інфраструктуру не атрымалася, на вуліцах адбываюцца баі паміж паліцыяй і войскам.

04:07 Трыццаць жаўнераў, што бралі ўдзел ў вайсковым перавароце, склала зброю на плошчы Таксім у цэнтры Стамбула.

04:05 Турэцкія спецслужбы выявілі 104 удзельнікаў вайсковага бунту.

04:04 Reuters падае, што Эрдаган прызямліўся ў Стамбуле. Яго вітае натоўп людзей.

03:14 Лятак Эрдагана робіць спробу прызямліцца ў стамбульскім аэрапорце.

Гістарычная даведка Цягам апошніх ста гадоў у Турцыі адбыліся тры вайсковыя перавароты. Падчас апошняга, у 1980-м, войска захапіла ўладу ў выніку ўзброенага канфлікту паміж правымі і левымі. Узровень палітычнага гвалту дасягнуў на той момант свайго піку: колькасць загінуўшых у 70-я гады XX стагоддзя ацэньваецца ў пяць тысяч чалавек; штодня гінулі дзясяткі людзей.

У выніку змяшчэння ўраду Нацыянальнаю радаю бяспекі (так называлі сябе вайскоўцы) прэзідэнтам стаў лідар ваенных Кенан Эўрэн. За тры гады, з 1980-га па 1983-й, у Турцыі прынялі каля 800 законаў, якія замацоўваюць уладу вайскоўцаў.

Пасля перавароту сябраў левых і правых партыяў судзілі паводле вайсковых законаў. Каля 230 тысяч чалавек былі асуджаныя, 14 тысячаў чалавек пазбавілі грамадзянства.

У 2012 годзе Кенана Эўрэна і былога камандуючага ВПС краіны Тахсіна Шахінкая судзілі за пераварот і звяржэнне законнага ўрада ў 1980 годзе. На той момант Эўрэну споўнілася 94 гады; Шахінкаю – 86. Абодва былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне; у чэрвені 2014 года прыгавор уступіў у сілу. Абодвух генералаў разжалавалі ў шараговыя. Летась абодва памерлі.

02:57 У войску адбыўся раскол. Камандуючы 2-м вайсковым корпусам заявіў, што гатовы ісці на Стамбул, каб зачысціць яго ад змоўнікаў і баламутнікаў.

01:52 Стала вядома, што Баўгарыя высылае на мяжу з Турцыяй вайсковыя атрады.

01:50 Каля турэцкага парламенту выбухнула бомба. Ахвяраў няма.

02:35 Дыпламаты спяць. Беларускае МЗС пакуль не рэагуе на вайсковы пераварот у Турцыі.

02:34 Паліцыя спрабуе не дапусціць перавароту, войска адкрывае агонь па паліцыянтах. Паводле «Stratfor», у выніку абстрэлаў Анкары загінулі 17 афіцэраў турэцкай паліцыі.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары