Вайсковы эксперт з Літвы: Не сумняюся, што Расея размесціць у Беларусі «Іскандэры»


Пасля перакідкі расейскіх вайскоўцаў да беларускай мяжы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «у нас агульнае з Расеяй войска на заходняй мяжы». Літоўскі вайсковы эксперт Аляксандрас Матоніс гаворыць, што «не мае ілюзіяў» адносна самастойнасці Беларусі ў вайсковых пытаннях.

Zrzut ekranu 2016-06-9 o 10.32.26

Беларусь з’яўляецца часткаю калектыўнай арганізацыі, у цэнтры якой знаходзіцца Расея. Беларусь прадастаўляе Расеі сваю тэрыторыю для размяшчэння войскаў падчас манеўраў і пастаянна таксама. Мы ведаем, што на тэрыторыі Беларусі дыслакаваная і ваенная авіяцыя.

Інакш кажучы, Беларусь – самы блізкі хаўруснік Расеі на заходнім напрамку, і хто б што ні казаў, што Лукашэнка самастойны ў сваёй палітыцы ў сферы бяспекі, думаю, гэтыя заявы не варта разглядаць сурʼёзна.

Неаднаразова расейскія вайсковыя манеўры ўключалі ўдзел і беларускага войска. Трэба прыгадаць манеўры «Прарыў», калі распрацоўваўся сцэнар дэблакавання Калінінградскай вобласці праз Сувалкскі перашыек, то бок распрацоўваліся варыянты дзеянняў з боку беларускай тэрыторыі і Калінінградскай вобласці. Быў цэлы шэраг буйных ваенных вучэнняў у якіх Беларусь прымала ўдзел не толькі тэрытарыяльна, але ўдзельнічала і сваймі вайсковымі рэсурсамі. Таму варта заўсёды памятаць, гэта ўжо да нашага ведама і ведама іншых саюзнікаў НАТА: мяжа Літвы з Расеяй праходзіць не толькі па Нёмне і сухапутнай мяжы з Калінінградскай вобласцю, але гэта і больш, чым 600 кіламетраў мяжы з Беларуссю, што ў ваенным плане з’яўляецца таксама і мяжой з Расейскай федэрацыяй.

– Ішлі размовы аб магчымым размяшчэнні ў Беларусі «Іскандэраў». Як вы ацэньваеце такую магчымасць?

– Сістэмы балістычных ракет «Іскандэр-М» хоць і дарагія, але вырабляюцца. Не ведаю, якімі тэмпамі, але, напрыклад, усе сцвярджэнні аб тым, што такія сістэмы будуць дыслакаваныя на тэрыторыі Калінінградскай вобласці, атрымалі пацверджанне.

Напэўна, так жа сурʼёзна варта разглядаць і заявы пра тое, што такія сістэмы могуць зʼявіцца і на тэрыторыі Беларусі. Калі – гэта іншае пытанне, але тое, што яны там будуць – у гэтым я б не сумняваўся.

– Наколькі адзіная ў вайсковым плане Беларусь і Калінінградская вобласць?

– Гэта не толькі адзіная, але і неаднаразова правераная сістэма ўзаемадзеяння. Як я ўжо згадаў, ладзіліся вучэнні, у тым ліку з удзелам беларускіх узброеных сілаў.

І гэтыя манеўры былі накіраваны на павелічэнне ўзаемадзеяння ў ваенных аперацыях на заходнім напрамку – краіны Балтыі, Польшча, то бок краіны NATO. Плюс да гэтага варта сурʼёзна разглядаць добра развітую вайсковую інфраструктуру Беларусі: жалезныя дарогі, шашы, авіяцыйныя базы, аэрадромы.

– Цяпер у Польшчы, краінах Балтыі праходзяць вучэнні, павялічваецца кантынгент NATO у гэтых краінах. Наколькі сурʼёзна гэта можа адбіцца на павелічэнні расейскага кантынгенту ля межаў Альянсу.

– Напэўна варта паказаць на храналогію. «Anakonda», «Syber Strike» адначасова праходзяць на тэрыторыі краінаў Усходняй Еўропы – гэта не прычына павелічэння вайсковай расейскай прысутнасці ў еўрапейскай частцы, а следства. У гэтым выпадку спачатку было яйка, а потым курыца. На жаль, гэта варта разглядаць у кантэксце прыказкі «гром не грымне – поп ня перахрысціцца». Гром грымнуў ужо досыць даўно. Фактычна ўжо на працягу дзесяцігоддзя Расея планамерна павялічвала сваю вайсковую прысутнасць на тэрыторыі Калінінградскай вобласці, Заходняй вайсковай акругі, рэфармавала ўзброеныя сілы, асабліва ўмацоўваючы Цэнтральную і Заходнюю вайсковыя акругі. І толькі з прычыны грому і маланкі ў дачыненні да Украіны NATO распачало нейкія захады. Зноў жа трэба адзначыць, што дзейнічаючы пакуль палітычна карэктна, мы бачым толькі ратацыйныя войскі на тэрыторыі Літвы і шэрагу іншых краінаў. Няма пастаянных базаў.

Калі вырашыцца пытанне з дыслакацыяй пастаяннага батальёна на тэрыторыі Балтыйскіх краінаў, які ў суме будзе складаць адну брыгаду, па вайсковых мерках гэта будзе азначаць сілу ў некалькі разоў меншую, чым колькасць войскаў і тэхнікі, якія мы назіраем у Калінінградскай вобласці і Заходняй вайсковай акрузе Расеі.

Інакш кажучы, расейская вайсковая прысутнасць у гэтым рэгіёне ў шмат разоў перавышае нават колькасць войскаў NATO падчас гэтых вучэнняў.

– Ці гатова NATO у дадзены момант адэкватна адрэагаваць у выпадку гіпатэтычнай агрэсіі ў гэтым рэгіёне?

– Калі казаць коратка, то, на жаль, не. І нам давядзецца доўга чакаць дапамогі, гэта заняло б тыдні. Прысутнасць падмацавання войскаў NATO на тэрыторыі краінаў Балтыі адназначна звязаная толькі з дамінаваннем у паветры. Уся канцэпцыя на перакідку войскаў і тэхнікі будуецца на перакідцы паветраным шляхам. Усталяванне дамінавання ў паветры займае нямала часу, бо NATO прыйшлося б вырашыць праблему сістэмаў СПА не толькі на тэрыторыі Калінінградскай, Пскоўскай, Ленінградскай вобласцяў Расеі, Беларусі. Несумненна вырашэнне гэтых пытанняў пагражае велізарнай эскалацыяй і ядравым сцэнаром.

Я думаю, што любы сцэнар канфлікту, у якім удзельнічаюць не толькі краіны Балтыі, але і іншыя члены NATO, пагражае тым, што перарасце ў эскалацыю, пра катастрафічныя наступствы якой нават цяжка думаць.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt, фотаздымак са старонкі Мінабароны Беларусі

Глядзі таксама
Каментары