Вайсковая Тэхніка з'явілася на двары берасцейскай школы


Баявая машына дэсанту (бмд-1) і дывізіённая гармата (д-44) былі ўсталяваны на двары агульнаадукацыйнай школы №35 у Берасці.

Рашэнне ўсталяваць тэхніку на двары школы яшчэ ў канцы мінулага года прыняў берасцейскі гарвыканкам. На перавоз і ўсталяванне зброі з гарадскога бюджэту было выдаткавана 16 мільёнаў рублёў. Дырэктар школы Галіна Анішчук не бачыць у вайсковай тэхніцы на двары навучальнай установы нічога дрэннага і кажа, што ў хуткім часе на школьным двары з’явіцца і трэці ваенны экспанат. Гэта ўсё робіцца з мэтай патрыятычнага выхавання дзяцей.

У мінулым годзе па ініцыятыве былога кіраўніка берасцейскай гарвыканкаму Аляксандра Палышэнкава ў школе былі адкрытыя кадэцкія класы. Сёння ў школе 5 кадэцкіх класаў, у якіх вучацца 105 чалавек. І гэта пры тым, што на трохсоттысячнае Берасце толькі адзін клас з беларускай мовай навучання.

Выхаванне ў кадэцкіх класах у параўнанні са звычайнай школай даволі жорсткае, дзетак выхоўваюць у праваслаўных кадэцкіх традыцыях. Дзеці ў школе носяць кадэцкую форму і адказваюць на пытанні настаўнікаў: «так точно» і «никак нет».

Мы выпадкова сталі сведкамі таго, як адбываецца патрыятычнае выхаванне ў школе №35 – настаўніца вывела дзяцей на школьны двор, малыя пашыхтаваліся і апусціўшы галовы слухалі вымову за развязаныя шнуркі і забытыя дома «пілоткі». Затым жанчына загадала аднаму з хлопчыкаў выйсці наперад, і перад усім класам пачала яго адчытваць за тое, што няправільна стаяў і строіў грымасы пад гукі гімна. – Як табе не сорамна, хто твае бацькі? А, толькі мама? І не сорамна табе? Мама адна цябе гадуе, а ты? Гэта ж трэба дакаціцца да такога! Хлопец слухае апусціўшы галаву, а настаўніца працягвае апрацоўку ўжо ўсяго класа, – мы павінны паважаць гэтую краіну, яе гімн, яе законы! Раз мы тут жывем, значыць нам усё тут падабаецца, так? – амаль крычыць жанчына. «Так точно», – мармычуць сабе пад нос малыя, апусціўшы галовы.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў