Вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна падазраюць у шпіянажы


Аляксандра Алесіна падазраюць у шпіянажы. На карысць якой краіны – пакуль невядома. Па інфармацыі ананімнай крыніцы «Белсат», журналіста і вайсковага эксперта сёння затрымалі ў Менску.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з затрыманнем Аляксандра Алесіна звязаны і ператрус у офісным будынку па вуліцы Фабрыцыюса 9/А ў Менску, які сёння зладзіў КДБ. У гэтым будынку месцяцца офісы розных кампаній: СТА, ўэб-студыі, школы замежных моваў, салярыі ды інш.

«Пакуль ніяк не каментую нічога ў гэтай сітуацыі, адно магу сказаць, што Алесіна некалькі дзён не было на працы ў рэдакцыі», – кажа Вячаслаў Хадасоўскі, галоўны рэдактар газеты «Беларусы і рынак», з якой супрацоўнічае Аляксандр Алесін.

Не так даўно Аляксандр Алесін разважаў у эфіры «Белсат» аб сучасным стане беларускага войска.

10 лістапада стала вядома аб затрыманні ў Літве віленчука, які падазраецца ў шпіянажы на карысць Беларусі. Ён працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве «Oro navigacija», якое з’яўляецца адзіным у краіне пастаўшчыком паслугаў паветранага злучэння, сувязі, навігацыі і назірання. Па дадзеных Літоўскага бюро крымінальнай паліцыі, ён збіраў інфармацыю пра грамадзянскую і вайсковую авіяцыю. Каментуючы затрыманне, літоўскі палітолаг у размове з «Белсат» заявіў, што «шпіёнскія войны паміж Захадам і Усходам абвастраюцца».

ЮВ, ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў