Вайскоўца з расейскай базы ў Таджыкістане арыштавалі за забойства жанчыны


Правахоўнікі Таджыкістана падазраюць старэйшага лейтэнанта 201-й расейскай вайсковай базы Івана Шчарбакова ў забойстве мясцовай жыхаркі, паведамляе news.tj. Трагедыя адбылася ў інтэрнаце для афіцэраў.

Афіцэра затрымалі яшчэ 9 лістапада, у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа. Расейскі бок засакрэціў расследаванне гэтай справы. У вайсковай базе здарэнне не каментуюць.

Крыніца ў сілавых структурах паведамляе, што жанчыну забілі ўначы 5 лістапада па невядомых матывах.

У ходзе папярэдняга следства Шчарбакоў заявіў, што ён нічога не памятае, бо быў у стане моцнага алкагольнага апянення.

Гэта ўжо не першы крымінальны інцыдэнт з удзелам расейскіх вайскоўцаў, дыслакаваных на ваенных базах у Таджыкістане і іншых постсавецкіх рэспубліках. У канцы жніўня сёлета ваеннаслужачыя 201-й РВБ у Таджыкістане Ільдар Сахапаў і Фёдар Басімаў былі асуджаныя на 13 і 17 гадоў калоніі строгага рэжыму адпаведна за забойства мясцовага таксіста. На пачатку 2015 года расейскі жаўнер Валерый Пермякоў, які ўцёк з вайсковай базы ў армянскай горадзе Гюмры, расстраляў сям’ю мясцовых жыхароў з сямі чалавек.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў