Вайскоўцы з батальёну імя караля Міндоўга выпраўляюцца ва Украіну


Міжнародныя вайсковыя вучэнні пачнуцца на наступным тыдні ля Львова. У вучэннях з сімвалічнаю назваю «Хуткі трызубец» возьмуць удзел 1300 вайскоўцаў з 15 краінаў блоку НАТО ды яго партнёраў. Літву рэпрэзентуюць 38 вайскоўцаў: пехацінцы ды некалькі штабных службоўцаў. Кіраўніцтва падкрэслівае мірны характар вучэнняў.

«Асноўная тэма – гэта аперацыі дзеля падтрымання міру. Вайскоўцы будуць выконваць задачы суправаджэння, канвою ды іншыя», – падкрэсліў камандзір батальёну пяхоты імя караля Міндоўга Гінтарас Вадзіцкас.

Дзеля ўдзелу ў «Хуткім трызубцы» ва Украіну прыбудуць каля 200 амерыканскіх вайскоўцаў. Вучэннямі мае кіраваць еўрапейскі штаб узброеных сілаў ЗША. Упершыню з часу правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Украіны з’явіцца амерыканскі кантынгент. 35 вайскоўцаў накіроўвае і Польская рэспубліка. На гэтым жа тыдні ў Польшчы адбываюцца міжнародныя манеўры «Шляхетны меч». У іх бяруць удзел войскі ды дзяржаўныя службы, задзеяная вайсковая тэхніка.

«Вучэнні «Шляхетны меч-2014» забавязуюць нас узяць адказнасць за кампанент спецыяльных войскаў у Паўночнаатлантычным альянсе, што значыць імгненнае рэагаванне сілаў Альянсу», – скаментаваў камандзір спецыяльных войскаў Польшчы Пётр Паталанг.

І хоць супольныя вучэнні ва Усходняй Еўропе былі запланаваныя заранёў, кіраўнік Польшчы чакае, што рашэнні апошняга саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ва Ўэльсе будуць рэалізоўвацца.

«Спадзяюся, мы не дазволім тым, хто не выконвае сваіх абяцанняў, звязаць нам рукі дамовамі, – адзначыў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.Гэта добрая навіна, што адным з адказаў на вайну ва Украіне стане стратэгічнае ўзмацненне ўсходняга флангу НАТО праз сталую прысутнасць аб’яднаных сілаў».

У выніку сустрэчы кіраўнікоў НАТО на мінулым тыдні пастанавілі аказаць дапамогу Украіне, а таксама ўзмацніць войскі блоку ва Усходняй Еўропе.

У адказ жа на мерапрыемствы НАТО расейскае войска абвесціла вучэнні на Алтаі. Колькасць удзельнікаў – 4 тысячы, а мэта практыкаванняў – «супрацьдзеянне дыверсантам». Якою будзе расейская рэакцыя на прысутнасць сотняў заходніх вайскоўцаў ва Украіне, пабачым ужо неўзабаве.

Настасся Яўмен, Літва, belsat.eu

Стужка навінаў