Вайскоўцы на Данбасе цвердзяць пра авіяўдары расейскай авіяцыі


Шэраг украінскіх медыяў перадае інфармацыю пра атакі расейскіх штурмавікоў на пазіцыі ўкраінскага войска. Гэта пацвердзілі некалькі крыніцаў на лініі фронту, аднак афіцыйна гэтую інфармацыю зняпраўджваць.

У паведамленнях пра авіяўдар медыі спасылаюцца намесніка камандзіра роты 40-га батальёну старэйшага лейтэнанта Ламакіна, які цвердзіць, што авіяўдар нанеслі каля 14 гадзіны па апорным пункце пад Дэбальцава. «Нам неабходнае прыкрыццё ад авіяўдараў. Гэта ўжо другі налёт за дзень», – заявіў Ламакін.

Журналіст Пятро Шуклінаў, які знаходзіцца ў зоне АТА пацвярджае гэтую інфармацыю ў сацыяльных сетках.

Намеснік камандзіра батальёну «Крыўбас» Юрый Сянькоўскі заявіў, што ягоны батальён абстралялі адразу шэсць расейскіх штурмавікоў: два абстралялі апорныя пункты, яшчэ чатыры – ваколіцы Дэбальцава.

Тым часам у Штабе АТА гэтую інфармацыю зняпраўджваць. «Мы не пацвярджаем. Больш за тое, там цяпер надвор’е не лётнае. Гэта немагчыма», – заявіў прэс-сакратар Андрэй Лысенка.

У раёне Дэбальцава працягваюцца зацятыя баі. Прарасейскія баевікі імкнуцца «замкнуць кацёл», узяўшы ў акружэнне тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў. Пасля першай няўдалай спробы тэрарысты перагрупаваліся, ды працягнулі артабстрэлы пазіцый украінскіх сілавікоў.

Апошнімі днямі абстрэлы ўзмацніліся, а прарасейскія медыі паведамляюць пра тое, што «кацёл замкнулі». На фоне бліжэйшых перамоваў у «Нармандскім фармаце» такое развіццё падзеяў было б вельмі выгодным для Уладзіміра Пуціна. Некалькі тысячаў украінскіх вайскоўцаў апынуліся б фактычна закладнікамі і Масква атрымала б магутны козыр у перамовах і Пуцін мог бы выставіць самыя жорсткія ўмовы ў абмен на «калідор» для вайскоўцаў.

«Адказ будзе хуткім»

«Я мяркую, што калі Пуцін будзе выкарыстоўваць паветраныя сілы, то рэакцыя Амерыкі будзе хуткай», – заявіў экс-амбасадар ЗША ва Украіне Джон Хэрбст ў эфіры праграмы ТСН. Ён заўважыў, што вайна ва Украіне становіцца «ўсё больш адкрытаю» ды не сумняецца ў беспасярэднім удзеле Расеі.

Аднак дагэтуль ЗША абмяжоўваюцца санкцыямі супраць Крамля. Пастаўкі зброі ва Украіну застаюцца пад пытаннем, тым не менш адміністрацыя Оўбамы разглядае і такі варыянт. Супраць паставак зброі выступае Нямеччына, адзін з галоўных хаўруснікаў ЗША ў Еўропе.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары