Вайна валанцёраў


Пакуль палітыкі вядуць дыпламатычныя гульні, дзейнічаюць шараговыя грамадзяне. Не толькі ўкраінцы, але і тыя, каго вайна на Данбасе не датычыцца наўпрост. У розных кутках свету з’явіліся валанцёрскія арганізацыі, што дасылаюць ва Украіну грошы, абсталяванне ды медыкаменты, даглядаюць параненых жаўнераў, што ляжаць у замежных шпіталях. Навошта замежнікі гэта робяць?

Прыцэліўся, стрэліў, пабег. Гэта не палігон на Данбасе, гэта курсы вайсковых інструктараў у Літве. На грошы, сабраныя ў прыватных асобаў, арганізацыя «Blue/Yellow» наняла выкладчыкаў, каб трэніраваць украінцаў бою паводле натаўскіх стандартаў, каб тыя пазней перадалі веды ў сваіх вайсковых падраздзяленняў. «Blue/Yellow» – гэта суполка літоўцаў, якія прынялі блізка да сэрца расейскія танкі на Данбасе. Група паўгода як актыўна дапамагае Украіне.

Самыя розныя людзі, адмыслоўцы ў розных галінах, дапамагаюць не ўкраінскаму Генштабу, а непасрэдна ўкраінскім жаўнерам. Купляюць і перадаюць на фронт маскхалаты, берцы, каскі і бронекамізэлькі, ды нават ваенную оптыку.

«Літоўцы цудоўна разумеюць, што такое Расея, і што патэнцыйна значыць гэтая сітуацыя для Літвы, для балтыйскіх краінаў», – гаворыць Ёнас Оман з суполкі «Blue/Yellow».

Беларусы таксама разумеюць, але дзейнічаюць больш асцярожна. Валанцёры ў Гомлі і Менску збіраюць грошы, на якія потым купляюць ва Украіне медыкаменты. І хоць у нас і не адбываецца мітынгаў у падтрыманне Украіны, дзякуючы і беларусам таксама палявыя медыкі ратуюць жыцці параненых.

«Даюць вельмі розныя сумы, ад 10 тысячаў да 5 мільёнаў рублёў адразу. І вельмі розныя людзі, пачынаючы ад дзеўчын у дэкрэтным адпачынку, сканчаючы бізнесоўцамі на вельмі крутых аўто», – распавёў «Белсату» беларускі валанцёр Андрэй Стрыжак.

Да кампаніі далучыўся таксама Ізраіль. Усё пачалося з групы ў Фэйсбуку, дзе ізраільцяне арганізоўвалі пад украінскай і расейскай амбасадай мітынгі ў падтрыманне Майдану. Пасля расстрэлу Майдану «Ізраільскія сябры Украіны» арганізавалі прыём і лекаванне параненых з Кіева – у Рэхавот, Тэль Авіў, Іерусалім. Паступова замест майданаўцаў у шпіталі сталі прыязджаць цяжкапараненыя байцы АТО. А з Ізраілю ва Украіну рэгулярна лятае каштоўны груз.

З Майдана пачалася гісторыя двух варшаўскіх арганізацыяў. «Украінскі Свет» – згуртаванне дыяспары ўкраінцаў, і польскі фонд «Адкрыты дыялог» разам дапамагаюць уцекачам у Польшчу. Юрыдычныя кансультацыі, псіхалагічная дапамога, пошук працы, збор вопраткі для сем’яў, якія з пустымі рукамі ўцякалі з Данбасу. «Рэчы для дзіцяці, якія людзі прыносяць. Часта ўкраінцы, часта палякі, часта беларусы, каторыя жывуць тут», – распавядае Наталля Панчанка з «Украінскага свету».

А для байцоў АТО тут купляюць лекі, бронекамізэлькі, кеўларавыя каскі ды нават аўтамабілі-ўседарожнікі, з якіх у Кіеве потым зробяць паўнавартасныя ган-тракі. Напрыклад, грошы на вось гэтыя 7 касак сабралі варшаўскія беларусы. Усё сабранае перадаюць наўпрост на фронт, у рукі байцоў, каб абмінуць прасякнутыя карупцыяй і крадзяжом тылавыя склады.

Украінская дзяржава аказалася абсалютна не гатовая да вайны. У выніку першымі адпор агрэсару далі добраахвотніцкія батальёны, якіх збіралі на фронт не прапаршчыкі-тылавікі, а валанцёры, на грошы простых украінцаў, пры дапамозе грамадзянаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны ды нават Ізраілю.

Яшчэ адна прычына, чаму многія замежнікі дапамагаюць валанцёрам дапамагаць украінскаму войску – яны кажуць: лепш мы сёння купім каскі ўкраінцам, чым заўтра будзем вымушаныя апранаць іх самі, калі да нас прыйдуць «зялёныя чалавечкі» з Расеі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», Варшава.

Стужка навінаў