Вайна будучыні – якой яна будзе на меркаванне вайскоўцаў?


Ваенныя канфлікты 21 стагоддзя будуць не такімі, як лічыць шырокае грамадства – яны будуць доўгімі, крывавымі і патрабаваць удзелу ўсяго грамадства, лічаць высокапастаўленыя амерыканскія генералы. Тэхналогіі не змогуць вырашыць усе задачы на полі бою, і апошняе слова застанецца за звычайным пехацінцам.

Мы сабралі меркаванні прадстаўнікоў самай магутнай і высокатэхналагічнай вайсковай сілы Зямлі – Узброеных сіл ЗША.

Войны маюць сваю логіку

У жніўні 1914 году, калі пачыналася Першая сусветная вайна, усе краіны думалі, што жаўнеры вернуцца дамоў да Раства. Вайна скончылася ў лістападзе 1918 году, калі цэлыя пакаленні еўрапейскай моладзі ўжо ляжалі ў магілах.

Вельмі рэдка войны планаваліся як доўгія, а аказваліся кароткімі. Вельмі часта ўсе ўдзельнікі вайны думалі, што вайна будзе кароткай (і, канешне, пераможнай), а яна аказвалася доўгай і крывавай.

Амерыканскія артылерысты падтрымліваюць наступ супраць «Ісламскай дзяржавы» у Іраку. Фота U.S. Army

«Часцей за ўсё войны цягнуліся даўжэй, чым чакалі людзі», – адзначае начальнік штабу Сухапутных войск ЗША Марк Мілі. Па ягоным меркаванні, палітыкі ўвесь час недаацэньваюць маштабы і складанасці будучага канфлікту.

«Трэба быць асцярожным. Войны часам маюць сваю логіку і развіваюцца ў абсалютна нечаканым кірунку», – лічыць адзін з галоўных вайскоўцаў ЗША.

Выкінуць тэлефон і выкапаць акоп

На будучай вайне ўсе бакі канфлікту могуць займець высокадакладную зброю, эфектыўныя сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, сродкі кібер-абароны і кібер-нападу.

«Мы не зможам сабе дазволіць вайфай ці балбатню па рацыі. Гэта будзе азначаць смяротную небяспеку»,адзначаў намеснік міністра абароны ЗША Роберт Ўорк.

Аўстралійскія жаўнеры ў акопах Першай сусветнай вайны. wikimedia.org

«Трэба будзе пазбавіцца ўсіх мабільных тэлефонаў. Ведаю, што гэта гучыць па-дурному, але гэта не так», – заявіў камандуючы Корпусам марской пяхоты Роберт Нэлер.

З-за развіцця сродкаў кібер-вайны і радыёэлектроннай барацьбы жаўнеры будучых войнаў могуць аказацца ў горшай сітуацыі ў сэнсе сувязі, чым 100 год таму. Падраздзяленні, самалёты і караблі могуць застацца без спадарожнікавай навігацыі, электронных сродкаў навядзення і арыентацыі ў прасторы.

У 2016 годзе амерыканскі флот пачаў зноў вучыць сваіх афіцэраў арыентавацца ў моры па зорным небе – пасля 10-гадовага перапынку. Менавіта з той прычыны, што сістэмы сувязі і спадарожнікі GPS могуць быць знішчаны ці нейтралізаваны.

Без звычайнай пяхоты не атрымаецца

Бамбардаванні, ракетныя ўдары і нейтралізацыя сувязі могуць зламіць армію праціўніка, аднак толькі бот жаўнера ставіць кропку ў канфлікце.

«Войны – гэта палітыка. Іхная мэта – навязванне іншым людзям сваёй палітычнай волі», – кажа генерал Мілі. Па ягоных словах, людзі могуць перажыць жахлівыя абстрэлы і бамбардаванні і не здавацца.

Савецкія жаўнеры вядуць бой на вуліцах Кёнігсберга

Падчас штурму японскай выспы Івадзіма амерыканскія караблі і самалёты абрынулі на японскія ўмацаванні неверагодны шквал агню, тое ж адбылося і падчас штурму Кёнігсберга савецкай арміяй. Абаронцы панеслі жахлівыя страты. Аднак у абодвух выпадках толькі наступ пяхоты спыніў супраціў праціўніка.

Тое ж самае адбываецца зараз падчас барацьбы з ісламістамі – пры поўным панаванні ў паветры авіяцыі і рэгулярных бамбардаваннях толькі праз кантроль тэрыторыі з зямлі можна перамагчы ідэалагічна падрыхтаванага ворага.

«Гэта міф, што можна перамагчы не набліжаючыся да праціўніка», – лічыць Мілі.

Арміі павінны быць вялікімі

Што б не мянялася ў тэхналогіях, вайна застанецца вайной. Памер і колькасць заўсёды будуць мець значэнне.

Войскі краіны павінны быць дастаткова вялікімі не толькі таму, што так лягчэй перамагаць – армія павінны мець магчымасць вытрымліваць значныя страты і пры гэтым не губляць здольнасць ваяваць і рыхтаваць патрэбную колькасць жаўнераў, унтэр-афіцэраў і афіцэраў, якіх зараз немагчыма добра навучыць за кароткі тэрмін.

ЗША плануюць павялічыць і так сваю немалую армію. Трэба «павялічыць сілы хутка, але адказна», заявіў міністр абароны Джэймс Мэціс. Пры гэтым плануецца сканцэнтравацца толькі на патрэбных для вайны занятках і пазбавіцца «лішніх» людзей, якія не маюць ніякага дачынення да вядзення баявых дзеянняў.

Жаўнеры фінскай арміі падчас Зімняй вайны з СССР. wikipedia.org

Доналд Трамп абяцаў павялічыць Сухапутныя войскі ЗША да 540.000 жаўнераў у баявых падраздзяленнях з сучасных 475.000, павялічыць колькасць марской пяхоты да ўзроўню, большага за 200.000 асобаў, падвысіць колькасць баявых караблёў і самалётаў.

Для невялікіх і не такіх багатых краінаў адзіны спосаб падтрымліваць дастаткова колькасныя ўзброеныя сілы – прызыў і рэгулярная падрыхтоўка рэзервістаў. Менавіта прызыўная фінская армія захавала незалежнасць краіны ў 1939-1940 гадах, калі СССР паспрабаваў захапіць Фінляндыю.

Ініцыятыва і агрэсіўнасць

Аднак памер арміі не значыць завальвання праціўніка трупамі. Камандзіры павінны быць ініцыятыўнымі, агрэсіўнымі, захоўваць дысцыпліну, але мець права на памылку і даваць такое права падначаленым.

Амерыканскія знішчальнікі падчас аперацыі «Бура ў пустыні». Фота US Air Force

«Прырода вайны памяняецца не раней, чым памяняецца хімічны склад вады. Вайна – гэта вайна. Непрадказальная, часам дзіўная, цяжкая. Калі б мне прапанавалі суміраваць свой досвед вайны ў трох словах, я скажу: імправізуйце, імправізуйце, імправізуйце», – заявіў міністр абароны ЗША і генерал марской пяхоты ў адстаўцы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў