Вайскоўцы ў Зімбабвэ захапілі будынак тэлеканалу і ўзялі пад варту прэзідэнта краіны Мугабэ


войска на вуліцы Харарэ, фота Reuters

Вайскоўцы, якія захапілі ў Зімбабвэ будынак дзяржаўнай тэлекампаніі Зед-бі-сі, абвясцілі, што ўзялі пад варту прэзідэнта краіны Раберта Мугабэ і яго сям’ю, перадае bbc.com.

Пры гэтым яны не лічаць тое, што здарылася ваенным пераваротам і заяўляюць, што Мугабэ і яго родным нічога не пагражае.

У кіруючай партыі «Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз – Патрыятычны фронт» (скарочана ЗАНУ-ПФ) заявілі, што такі крок быў неабходны «дзеля здароўя нацыі».

«Ні Зімбабвэ, ні партыя не належаць ні Мугабэ, ні яго жонцы. Сёння пачынаецца новая эра», – гаворыцца ў заяве партыі.

Паводле дадзеных мясцовых СМІ, Мугабэ рыхтуецца падаць у адстаўку, а яго пераемнікам стане не яго жонка, як паведамлялася раней, а віцэ-прэзідэнт Эмерсан Мнангагва, на мінулым тыдні адпраўлены ў адстаўку рашэннем Мугабэ.

ЗАНУ-ПФ, якой Мугабэ Кіраваў дзясяткі гадоў, мае парламенцкую большасць. Яна фактычна падтрымала зняцце прэзідэнта і яго замену на былога «віцэ».

«Таварыш Мнангагва дапаможа нам зрабіць Зімбабвэ лепш», – гаворыцца ў заяве кіруючай партыі.

Захоп будынка дзяржаўнай тэлекампаніі Зед-бі-сі адбыўся ў ноч на сераду. «Мы жадаем запэўніць нацыю ў тым, што яго правасхадзіцельства прэзідэнт і яго сямʼя жывыя і здаровыя, і іх бяспеку гарантаваная», – заявіў у эфіры тэлеканала чалавек у камуфляжы.

Агенцтва Reuters апазналі ў гэтым чалавеку генерал-маёра Майё, які ўзначальвае тылавое кіраванне зімбабвійскага генштаба.

У сталіцы краіны Харарэ было чуваць выбухі і залпы артылерыі.

Раней амбасадар Зімбабвэ ў ПАР адмаўляў, што ў яго на радзіме адбыўся пераварот.

Як паведамляе Reuters, амбасады ЗША і Вялікабрытаніі заклікалі сваіх грамадзян у Харарэ не выходзіць на вуліцы праз палітычна нестабільную сітуацыю

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары