Вадзяныя млыны пад Горадняй: схаваны турыстычны патэнцыял


Толькі на невялічкай рэчцы Ласасянцы захавалася ажно пяць млыноў XVIIІ–XIX стст.

Млыны – вадзяныя, паравыя, ветракі – цягам апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў цалкам зніклі з беларускіх краявідаў. Эканамічны і гаспадарчы сэнс даўно страчаныя, а да разумення рэнавацыйнага і турыстычнага патэнцыялу такіх аб’ектаў грамадства толькі падыходзіць.

Млыны з-над Ласасянкі, якая ўпадае ў Нёман зусім побач з горадам, яскравы прыклад таго, як можа занядбаць, а як – выкарыстаць сваю спадчыну. Пяць млыноў – пяць лёсаў.

Млын у Ласосне

Калі ехаць з Горадні ў бок Сапоцкіна ды Свяцку, абавязкова давядзецца перасекчы мост у Ласосне адразу на выездзе з гораду. Калісьці менавіта тут праходзіла мяжа паміж Расейскай імперыяй і Царствам Польскім, мост быў памежны. Цікава, што на малюнку Напалеона Орды, дзе выяўлены акурат гэты млын, побач з ім красуе …памежны слуп, які, на жаль, да нас не дайшоў.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Ад млына каля Ласосны засталіся толькі сцены ды маляўнічыя каскады на самой рэчцы. Унутры будынак засмечаны ды зарослы кустоўем. А вось моцныя каменныя сцены выкарыстоўваюць для практыкаванняў скалалазы: дзе-нідзе бачныя адмысловыя гачкі для замацоўвання рыштунку.

Варта дадаць, што становішча млына надзвычай удалае: зрабіўшы тут, напрыклад, рэстаран або бар разам з міні-музеем, можна разлічваць на ўсе турыстычныя групы, якія рухаюцца ў бок Аўгустоўскага каналу з гораду.

Млын на Фолюшы

Як і папярэдні ласасянскі млын, млын на Фолюшы ёсць часткай Кунстава – «гораду рамёстваў» (Kunststadt), які паўстаў у раёне Ласосны дзякуючы намаганням гарадзенскага старасты Антонія Тызэнгаўза напрыканцы XVIII ст.

Паводле ідэі рэфарматара тагачаснай каралеўскай гаспадаркі, запрошаныя з Еўропы рамеснікі мусілі сканцэнтравацца разам са сваёй вытворчасцю – мануфактурамі ды млынамі – менавіта тут, на ўскрайку гораду.

Млын у даліне паміж вайсковай часткай, мікрараёнам Фолюш ды вёскай Ласосна – пакуль што самы ўдалы прыклад захавання падобнага помніка прамысловай архітэктуры. У будынку XVIII ст. цяпер невялічкі гатэль, а побач – тэрыторыя адпачынку з газонамі і тэніснымі кортамі.

Разам з тым, пра яго існаванне акрамя як праз інтэрнэт наўрад ці дзе дазнаешся. Звонку будынак мала заўважны: губляецца ў зеляніне, а маляўнічая тэрыторыя вакол выкарыстоўваецца як «дзікія дачы» з пасадкамі памідораў ды бульбы або месца, дзе выпівае публіка з бліжэйшага мікрараёну, пра што сведчаць горы бутэлек тут жа.

Млын у Новіках

Не даязджаючы да возера Юбілейнага каля вёскі Новікі, якая цяпер уваходзіць у рысу гораду, пры самым мосце праз Ласасянку захаваліся рэшткі невялікага млына з найбольш, мабыць, трагічным лёсам. Млын, імаверна канца ХІХ ст., быў драўляны,, але з моцным каменным падмуркам і, зразумела, мураванымі канструкцыямі на вадзе.

Яшчэ гадоў дзесяць таму ў яго можна было зайсці і ўбачыць дзясяткі металічных і драўляных механізмаў сярод павуціння і мінулагодняга лісця. Сам памятаю вялікую шасцярню з надпісам «Dresden», якую ўжо тады нехта вывалак на вуліцу, бліжэй вады.

Цяпер ад млына засталася толькі адна сценка, якая да пары да часу не перашкаджае гаспадарам дому побач: пасля, мабыць, прыбяруць і яе. Механізмы ж зніклі ва ўмоўна-невядомым кірунку бліжэйшага пункту прыёму металалому… Праз гадоў пяць-дзесяць колішні помнік тут будуць выдаваць толькі каскады на рэчцы, добра бачныя з мосту.

Млын на Татарцы

Татарка – прыток Ласасянкі, які ўваходзіць у яе акурат побач з Юбілейным возерам. Тут жа, непадалёк маёнтку Караліна, стаіць адзіны ўнікальны для рэгіёну драўляны млын, які цалкам захаваўся. Паверыць у гэта сапраўды цяжка, бо ўнутры захавалася літаральна ўсё: ад цяжкіх механізмаў да шыльдачак на польскай мове.

Гадоў пяць-сем таму, калі ў будынак можна было бесперашкодна трапіць, унутры можна было знайсці ледзьве не мяхі з мукой: такое ўражанне, што млынар папросту адышоў некуды і вось-вось вернецца, а колы, занураныя ў плынь вады, ніколі і не пераставалі круціцца…

Цяпер млын зачынены: з’явіліся гаспадары, якія ўзяліся за яго аднаўленне. Ужо зробленыя бетонныя шлюзавыя канструкцыі, наперадзе – сам будынак разам з механікай.

У турыстычным плане месца проста фантастычнае: ад берагу Юбілейнага возера, дзе ўлетку поўна адпачываючых, сюды ісці хвілінаў пяць. Разам з тым млын можа арганічна ўпісацца ў турыстычны маршрут: маёнтак Каробчыцы – маёнтак Караліна – 4-ты форт. Карацей, перспектываў – поўны кораб.

Млын у Каробчыцах

Калі троху збочыць з трасы з Горадні на Брузгі, то бок на Польшчу, і праехаць метраў сто да плаціны на Ласасянцы, можна трапіць у Новыя Каробчыцы – засценак з некалькіх дамоў, які вырас вакол млына, вядомага ажно з 1781 года. Пасля ўжо тут быў «Млын Маслоўскай», вядомы па прозвішчы сваёй уладальніцы, якая гаспадарыла тут ажно да бурлівых падзеяў Першай сусветнай і грамадзянскай вайны. Далей усё стандартна: нацыяналізаваны за саветамі, а пазней занядбаны і разбураны.

У часы незалежнай Беларусі тут планавалі зрабіць і гадавальнік для стронгі, і бар, але ўсё беспаспяхова. У выніку будынак пачалі расцягваць па каменьчыку, за апошнія гадоў пяць цалкам знік дах… Упарта стаяць толькі дзве каменныя сцяны. Рака пасунулася далей ад муроў, старое рэчышча зарасло хмызам. Затое за пару метраў ад будынку красуе крыніца: з коўшыкам ды кладачкай, каб падысці зручней было.

Месца для турыстычнай атракцыі, падавалася б, лепш не прыдумаеш. Побач найпапулярнейшы ў гарадзенцаў пераезд праз польска-беларускую мяжу. Стаў сабе на трасе ўказальнік на гатэль ці бар ды зарабляй грошы. Ды і Ласасянка тут ці не найбольш шырокая: возера нагадвае. Сцены млына – грунтоўныя, глядзяць на ваду валунамі, толькі і чакаюць гаспадара…

Калі кажуць пра «Турыстычную Гарадзеншчыну» і розныя там «рэкрэацыйныя патэнцыялы», зазвычай, на ўвазе маюць замкі, палацы, пушчы, каналы… А што наконт меншых аб’ёмам, але не менш значных культурна і гістарычна аб’ектаў з ліку той жа прамысловай спадчыны?

На іх рэканструкцыю не патрэбныя шалёныя бюджэты, і прыбытак ад іх функцыянавання ў якасці маленькіх гатэляў ды рэстаранаў з няхай сабе адным музейным пакоем, зусім не эфемерны, як у выпадку з класічнымі музеямі.

Варта задумацца, не забываючыся пры гэтым, што млын не замак, таму кожныя кожныя гадоў пяць-сем нешта будзе  планава зносіцца, безнадзейна зарастаць смеццем і кустоўем або разбірацца гаспадарлівымі суседзямі на цэглу ды камяні з плоскімі шліфаванымі бакамі. Варта задумацца…

АК, belsat.eu

Стужка навінаў