Вадзім Мажэйка: Калі дазволяць выбіраць рэктара, то людзі захочуць выбіраць і кагосьці вышэй


Беларусь могуць далучыць да Балонскага працэсу, хаця наша адукацыя не дацягвае да яго нормаў. Замест санкцыяў у стасунку да нашай краіны Захад спрабуе ўжываць палітыку ўцягвання.

Стала вядома, што рашэнне рабочай Балонскай групы па ўступленні Беларусі ў адзіную еўрапейскую сістэму вышэйшай адукацыі, хутчэй за ўсё, будзе станоўчым. Пра плюсы, а, магчыма, і пра мінусы ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс паразмаўляем з экспертам «Ліберальнага клубу» Вадзімам Мажэйкам.

«Белсат»: Тры гады таму Беларусі адмовілі ва ўступленні ў Балонскі працэс, бо наша сістэма адукацыі не адпавядала еўрапейскім патрабаванням. Якія тады былі нараканні?

Вадзім Мажэйка: Беларусь, сапраўды, не адпавядае нормам еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. У Беларусі няма акадэмічных вольнасцяў, няма студэнцкага самакіравання, няма аўтаноміі ўніверсітэтаў. То бок Беларусь не згодная з асноўнымі каштоўнасцямі Балонскага працэсу, яна іх не выконвае. Рэктары прызначаюцца прэзідэнтам альбо міністрам адукцыі. Незалежныя студэнцкія арганізацыі – пад ціскам. Мы ўсе ведаем пра рэпрэсіі ў дачыненні да прафесарскага складу Гарадзенскага ўніверсітэту. З-за гэтых неадпаведнасцяў Беларусь не прынялі ў Балонскі працэс у мінулы раз.

«Белсат»: Ці сапраўды за гэты час адбыліся вялікія змены?

Вадзім Мажэйка: На жаль, вялікіх зменаў не адбылося, Беларусь шмат што выконвае фармальна. Калі мінулая заяўка была проста вельмі дрэнна падрыхтаваная, цяпер усё выправілі і тэхнічна заяўка выглядае лепей. Але, вядома, Беларусь усё роўна не падзяляе асноўныя каштоўнасці Балонскага працэсу. Пытанне не ў тым, што мы не згодныя на нейкую асобную рэформу, а ў тым, што тое ж прызначэнне рэктараў – гэта частка агульнай логікі беларускай сістэмы. То бок калі людзям дазволіць выбіраць рэктара, узнікне пытанне: «А можа нам і міністра выбіраць ці каго яшчэ вышэй?» Таму, канешне, гэтыя хібы не выпраўленыя. І цалкам выпраўленыя яны не будуць. Нават калі зараз бачым, што Мінадукацыі больш-менш прагрэсіўнае, у яго ёсць нейкае жаданне нешта зрабіць, але ёсць нейкі ліміт магчымасцяў, за які яны не могуць выйсці пры ўсім жаданні.

«Белсат»: Чаму тады змянілася рашэнне рабочай Балонскай групы?

Вадзім Мажэйка: Па-першае, ёсць нейкія чыста візуальныя паляпшэнні. Па-другое, гэта палітычны момант. Зараз гэтая палітыка ўцягвання працягвае цыклічнасць беларуска-еўрапейскіх стасункаў. Калі палітыка санкцыяў не працуе, яна змяняецца палітыкай ўцягвання. На жаль, пасля яна зноў не працуе і змяняецца палітыкай санкцыяў. Канешне, ідэя, што Беларусь трэба кудысьці далучыць, і хоць так на яе паўплываць, зараз будзе дамінаваць у еўрапейскіх структурах.

«Белсат»: Ці сапраўды гэта добра, калі Беларусь далучыцца да Балонскага працэсу без правядзення актыўных рэформаў?

Вадзім Мажэйка: Беларусь дакладна нешта атрымае. Так ці інакш павысіцца студэнцкая мабільнасць. Можа, павысіцца акадэмічная мабільнасць. Але ў Балонскага камітэту няма ніякіх сродкаў уплыву на краіны. Мы ведаем прыклады Азербайджану, Казахстану, якія таксама ў Балонскім працэсе. Яны таксама вельмі да яго падрыхтаваныя, шмат чаго не выконваюць, а прымусіць іх нешта выконваць немагчыма. Таму трэба разумець, што пасля ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс не атрымаецца неяк звонку на яе паўплываць з мэтай правядзення рэформаў.

«Белсат»: Атрымліваецца, што чакаць нейкіх істотных рэформаў не выпадае?

Вадзім Мажэйка: Рэформы могуць быць. Але калі не ўступілі ў мінулы раз, мы спадзяваліся, што грамадства здолее спыніць уступленне ў Балонскі працэс, гэта неяк будзе матываваць улады да рэформаў. На жаль, мы пабачылі, што за апошнія некалькі гадоў не было значных рэформаў.

Стужка навінаў