Ва Украінскім Генштабе быў шпіён, які нарадзіўся ў Беларусі?


Намесніка начальніка Генштаба Украіны часова адхілілі ад пасады.

Міністэрства абароны Украіны адхіліла ад пасады намесніка начальніка Генеральнага штаба, начальніка ўпраўлення спецаперацыяў Вячаслава Назаркіна на час, пакуль у дачыненні да яго будуць праводзіць расследаванне. Пра гэта паведаміў міністр абароны Валерый Гелетэй, перадае «Еспресо.TV» са спасылкаю на «Украінскія Навіны».

Вячаслаў Назаркін паводле нацыянальнасці расеец, нарадзіўся ў Барысаве ў 1964 годзе, служыў у расейскім войску. Напрыканцы жніўня ў СМІ абмяркоўвалася інфармацыя пра тое, што родны брат Вячаслава Назаркіна – дзейны афіцэр расейскага войска. Гэтую акалічнасць Валерый Гелетэй пракаментаваў так: «Наяўнасць сваяка не кажа пра тое, што чалавек павінен несці адказнасць за кагосьці, ён (Назаркін, – belsat.eu) павінен несці канкрэтную адказнасць». Міністр адзначыў, што экс-намеснік Генштаба не арыштаваны і яму пакуль не прад’яўленыя абвінавачанні.

[vc_single_image image=”346647″ img_size=”large”]

Ваенная пракуратура распачала супраць Назаркіна крымінальную справу за нядбайнае стаўленне да ваеннай службы, што пацягнула цяжкія наступствы. Следчыя падазраюць, што ён праявіў халатнасць, плануючы спецаперацыю па пошуку ўкраінскага лётчыка, збітага напрыканцы ліпеня ў Данецкай вобласці. У ходзе гэтай аперацыі загінулі 12 спецназаўцаў Кіраваградскага палка. Пракуратура спраўджае, ці не адмыслова Назаркін накіраваў украінскіх сілавікоў на верную пагібель у пастку тэрарыстаў.

Раней міністр абароны Украіны заяўляў, што выключае наяўнасць здраднікаў сярод кіраўніцтва антытэрарыстычнай аперацыі і ў ягоным ведамстве. Міністэрства Украіны таксама зняўпраўдзіла распаўсюджаную журналістамі інфармацыю пра тое, што генерал-маёр Юрый Барыскін з кіраўніцтва антытэрарыстычнай аперацыяй – агент Уладзіміра Пуціна.

АК, belsat.eu, паводле espreso.tv, un.ua, hromadske.tv

Стужка навінаў