Ва ўкраінскай Радзе гатовыя зладзіць паездку Ле Пэн у зону АТА


Кандыдатку на пасаду прэзідэнта Францыі Марын Ле Пэн гатовыя запрасіць у зону АТА, каб пазнаёміць з наступствамі «рускага міру».

Пра гэта напісала ў «Фэйсбуку» дэпутатка Рады, чалец групы міжпарламенцкіх сувязяў з Францыяй Ірына Фрыз.

«Наконт заявы кандыдата ў прэзідэнты Францыі Марын Ле Пэн па тэме Крыму. Як чалец міжпарламенцкай групы сяброўства Украіна-Францыя, я гатовая зладзіць візіт спадарыні Ле Пэн ва Украіну, каб яна на свае вочы пабачыла сітуацыю ў краіне і здзейсніла візіт у зону АТА, каб пабачыць наступствы «рускага міру», – напісала дэпутат.

Фрыз упэўненая, што Ле Пэн зʼяўляецца патрыёткай Францыі і дзякуючы візіту ва Украіну яна зменіць рыторыку ва ўкраінскім пытанні.

«Нягледзячы на тое, што спадарыня Ле Пэн адкрыта фінансуецца і мае крэдытную лінію ад Расеі, думаю, ёй не хапае вонкавапалітычнага досведу і інфармацыі для таго, каб ацаніць сітуацыю ва Украіне і расейскую палітыку на постсавецкай прасторы. Міграцыйная праблема, якая ляжыць у аснове перадвыбарнай праграмы Ле Пэн, была створаная менавіта з-за ўмяшальніцтва Расеі ў сірыйскі канфлікт і бамбаванняў Крамлём населеных пунктаў. Таму Ле Пэн, на жаль, недастаткова разумее ролю Расеі ў крызісных зʼявах у самой Францыі», – заявіла народны дэпутат.

Нядаўна, у інтэрвʼю Марын Ле Пэн заявіла, што не лічыць анексію Крыму Расеяй незаконнай. Пасля гэтага ў Службы бяспекі Украіны заявілі, што Ле Пэн могуць забараніць уезд у краіну.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў