Ва Украіне завялі справу пра выкраданне чалавека, якога ў Крыме вінавацяць у падрыхтоўцы тэрактаў


Ва Украіне распачалі крымінальную справу аб выкраданні жыхара гораду Энергадар Запарожскай вобласці Яўгена Панова, якога ФСБ абвінавачвае ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Вадзім Траян. Паводле ягоных слоў, заява аб выкраданні паступіла ад сваякоў Панова.

Былы калега Панова Ігар Мацюхін распавёў, што разам з ім зніклі яшчэ два чалавекі, з якімі Паноў служыў у Данбасе. Паводле словаў Мацюхіна, жонка Панова паведаміла, што ён адʼязджаў на сустрэчу з калегамі і абяцаў неўзабаве вярнуцца, але на наступны дзень ягоны тэлефон ужо не адказваў. Брат Панова лічыць, што яго выкралі.

«Мы прымаем усе неабходныя захады для хуткага, поўнага і непрадузятага высвятлення ўсіх абставінаў здзяйснення гэтага злачынства», – падкрэсліў Траян.

10 жніўня ФСБ заявіла аб перадухіленні тэрактаў у Крыме, якія нібыта рыхтавала ўкраінская выведка. Паводле ФСБ, дыверсанты ў ноч на 7 і 8 жніўня спрабавалі прарвацца ў Крым, пры гэтым быў адкрыты масіраваны агонь на мяжы.

Яўген Паноў быў затрыманы. ФСБ сцвярджае, што ён дае прызнальныя паказанні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, былі затрыманыя сем чалавек, іхныя імёны невядомыя.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары