Ва Украіне затрымалі падазраваных у забойстве расейскага дэпутата Вараненкава


Нацыянальная паліцыя Украіны заявіла пра затрыманне ў горадзе Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці падазраваных па справе аб забойстве дэпутата Дзярждумы Дзяніса Вараненкава. 

Адзначаецца, што падазраваныя дастаўлены ў аддзелы паліцыі, ідуць ператрусы. Колькі ўсяго чалавек затрымалі не ўдакладняецца. Следчыя дзеянні праводзяцца прадстаўнікамі Генеральнай пракуратуры і паліцыі.

Раней украінскія СМІ паведамлялі, што ў актывіста Яраслава Тарасенкі ў Паўлаградзе прайшоў ператрус, ён быў затрыманы па справе Вараненкава.

Былы дэпутат Дзярждумы ад Камуністычнай партыі РФ Дзяніс Вараненкаў быў аб’яўлены з федэральны вышук па падазрэнні ў махлярстве, паведаміў Следчы камітэт сёлета ў лютым. Раней Вараненкаў з жонкай Марыяй Максакавай з’ехалі ў Кіеў і атрымалі ўкраінскае грамадзянства.

Пасля атрымання грамадзянства Вараненкаў даў паказанні Генпракуратуры Украіны супраць былога прэзідэнта Віктара Януковіча. Экс-дэпутат назваў памылкай анексію Крыму і параўнаў сучасную Расею з нацысцкай Нямеччынай.

23 сакавіка Вараненкава застрэлілі ў цэнтры Кіева. Яго забойца загінуў пры затрыманні. Кілер паходзіў з гораду Паўлаграду, дзе сёння адбываюцца затрыманні.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў