Ва Украіне ўсе міліцыянты стануць паліцыянтамі


Усе службы МУС Украіны будуць рэфармаваныя, каб звацца паліцыянтамі, абяцае міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў.

«Усе службы будуць рэфармаваныя. Толькі новыя службы будуць называцца паліцыяй. Спачатку патрульныя, за імі пойдуць участковыя паліцыянты, потым пойдзе крымінальны блок, потым – эксперты. У нас вялікая-вялікая праграма», – сказаў міністр журналістам у суботу ў Кіеве, распавядаючы пра планы міністэрства ў рамках трансфармацыі міліцыі ў паліцыю, інфармуе interfax.by.

Кіраўнік МУС Украіны нагадаў, што ва ўкраінскай паліцыі будзе створана падраздзяленне, якое прыйдзе на змену цяперашнім атрадам спецпрызначэння. «Там зарплата будзе ў раёне 15 тыс. грыўняў. Гэта значыць, гэта годныя зарплаты для годнага новага паліцэйскага», – дадаў міністр.

Таксама Авакаў выказаў надзею на тое, што і сацыяльныя льготы для паліцыянтаў будуць нарошчвацца, «каб чалавек разумеў, што яму проста трэба сумленна працаваць».

2 ліпеня Вярхоўная Рада Украіны прыняла законы «Аб Нацыянальнай паліцыі» і «Аб органах унутраных справаў».

Закон «Аб Нацыянальнай паліцыі» ўступае ў сілу праз 3 месяцы з наступнага дня пасля публікацыі, за выключэннем некаторых палажэнняў. У частцы аб паліцэйскіх падраздзяленнях патрульнай паліцыі ў Кіеве гэты закон уступае ў сілу з дня яго публікацыі. У частцы аб паліцэйскіх падраздзяленнях у Адэсе і Львове закон уступае ў сілу з 20 жніўня 2015 года.

Аналагічную рэформу, пасля якой міліцыя была перафармаваная ў паліцыю, правялі ў Міністэрстве ўнутраных справаў Расеі ў 2009-2011 гадах. Мэта рэформы – павышэнне эфектыўнасці праваахоўных органаў Расеі, барацьба з карупцыяй і паляпшэнне іміджу праваахоўных органаў. У беларускай міліцыі рэформы пакуль не прадбачацца.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў