Ва Украіне працягваецца суд над беларускім добраахвотнікам «Маджахедам», якога абвінавачваюць у гвалце і здзеках


«Новая газета» распавяла пра суд над былымі службоўцамі ўкраінскага батальёна «Тарнада».

Усяго на лаве падсудных разам з нарадзінцам Берасця Даніілам Ляшуком, якога затрымалі ў верасні летась, камбат спецыяльнай роты міліцыі «Тарнада» Руслан Анішчанка і 10 таварышаў па службе.

Добраахвотнікаў спецроты, якую стварылі ў снежні 2014 годзе пры галоўным упраўленні МУС Украіны, абвінавачваюць у арганізацыі злачыннай супольнасці, катаваннях, згвалтаваннях, рабаваннях, выкраданні людзей і іншых асабліва цяжкіх злачынствах у адносінах да мірнага насельніцтва ў зоне баявых дзеянняў на Усходзе Украіны – усяго 15 цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулаў Крымінальнага Кодэксу Украіны. Справа налічвае 80 тамоў, у ёй фігуруюць 111 сведак, 13 пацярпелых, хоць лік ахвяраў, паводле следчых, ідзе на сотні.

Паседжанні праходзяць у закрытым рэжыме. Як піша «Новая газета», «тарнадаўцы» паводзяць сябе агрэсіўна – закідваюць удзельнікаў працэсу ўласнымі фекаліямі, паліваюць мачой, ладзяць істэрыкі, пагражаюць суддзям і пракурорам.

Нягледзячы на гэта, у грамадстве знаходзяцца і абаронцы жаўнераў, у тым ліку дэпутаты Вярхоўнай рады. Меркаванні падзяліліся: для адных байцы – патрыёты і героі, якія абаранялі ўкраінскую дзяржаўнасць. З іншага боку, яны тэрарызавалі цэлую вобласць.

Беларускі ісламіст

Асаблівую ўвагу ў гэтай гісторыі прыцягвае 20-гадовы беларус. «Маджахед», нягледзячы на свае 20 гадоў, паспеў пабываць і антыфашыстам, і неанацыстам, прыняць іслам, стаць прыхільнікам «Ісламскага дзяржавы» і аб’явіць джыхад Расеі.

Паводле галоўнага вайсковага пракурора Украіны, «Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасцю, жорсткасцю і бязлітаснасцю здзяйсняў найбольш жорсткія катаванні мясцовага насельніцтва Луганскай вобласці, арганізоўваў і прымаў непасрэдны ўдзел у згвалтаванні затрыманых, якіх ён разам з іншымі падазраванымі выкрадаў з карыслівых меркаванняў».

«Маджахед» прыдумаў здымаць кіно ў сутарэннях з удзелам палонных. Прыдумваў сюжэт, напрыклад: «Гіві» і «Матарола», сепаратысцкія камбаты, гвалцяць свайго начальніка Аляксандра Захарчанку. Распісваў ролі і рэплікі. І прымушаў палонных усё гэта рабіць, а калі яны адмаўляліся – іх білі, пакуль не пагодзяцца. А потым здымаў відэа. Гэта відэа ён паказваў палове батальёна. Яшчэ ён любіў размалёўваць сцены свастыкамі і паганскімі сімваламі і расказаць пра перавагу белай расы», – так апісаў беларуса адзін з байцоў батальёну.

Паводле сведчанняў пацярпелых, Ляшук быў адным з самых актыўных арганізатараў катаванняў.

У інтэрнэце пра Ляшука за апошні год назбіралася шмат інфармацыі. Ягоныя бацькі не ідуць на кантакт з журналістамі і не каментуюць сітуацыю з сынам. Сам Данііл рэгулярна з’яўляецца ў інтэрнэце.

Арыштоўваць «тарнадаўцаў» пачалі ўлетку 2015 года. Дагэтуль у вышуку знаходзяцца 12 байцоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў