Ва Украіне камуністам забаранілі ўдзельнічаць у выбарах


Міністр юстыцыі Украіны Павел Пятрэнка падпісаў пастанову аб забароне ўсім камуністычным партыям удзельнічаць у выбарчых працэсах у краіне.

Пра гэта на брыфінгу заявіў сакратар Савету бяспекі Аляксандр Турчынаў, падае ukrinform.ua.

«Сёння – дзень гістарычнай справядлівасці. Сёння міністр юстыцыі згодна з прынятым Вярхоўнай Радай законам падпісаў рашэнне, паводле якога камуністычныя партыі, якія ёсць сёння ў нашай краіне, губляюць права быць субектам палітычных і выбарчых працэсаў», – сказаў Турчынаў.

Раней лідар Камуністычнай партыі Украіны Пётр Сіманенка заявіў interfax.ru, што пастанова Мінюста не перашкодзіць прадстаўнікам партыі ўдзельнічаць у выбарах мясцовых саветаў і сельскіх, пасялковых, гарадскіх кіраўнікоў 25 кастрычніка: «Камуністы будуць прымаць удзел у выбарах».

Апрача Камуністычнай партыі Украіны, на тэрыторыі паўднёвай суседкі Беларусі дзейнічаюць Камуністычная партыя (абноўленая) і Камуністычная партыя работнікаў і сялянаў.

9 красавіка Вярхоўная Рада прыняла законы аб дэкамунізацыі ўкраінскага грамадства, аб доступе да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917-1991 гадоў. Дадзенымі законамі асуджаецца камуністычны рэжым, забараняецца савецкая сімволіка, адкрываюцца архівы савецкіх спецслужбаў і прызнаюцца барацьбітамі за незалежнасць Украіны чальцы Украінскай паўстанцкай арміі, Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і іншых фармаванняў. Гэтыя законы 15 траўня падпісаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Чытайце яшчэ >>> Валянціна Свяцкая: Камуністычная партыя Украіны – калабарант

>>> Ва Украіне затрымалі агітатара за ўзнаўленне СССР – яму пагражае да 5 гадоў турмы

МЯ, паводле interfax.ru, ukrinform.ua

Глядзі таксама
Каментары