Ва Украіне эпідэмія – людзі паміраюць ад ускладненняў пасля грыпу

video

https://youtu.be/z4xOGdgbMSw?t=11m34s

Моцныя снегапады і вірус грыпу прымушаюць улады Украіны ўводзіць абмежаванні. Для руху перакрытыя асноўныя міжнародныя трасы, а ў школах прыпынены навучальны працэс.

Улады рэкамендуюць утрымацца ад арганізацыі і наведвання масавых збораў і ўзмацняюць медычныя ўстановы для працы ў час эпідэміі.

Грып і надвор’е – галоўныя тэмы на адмысловых селектарных нарадах у дзяржаўных органах кіравання і медыях. Панікі няма, хаця ўсе ведаюць, што гэтак званы свіны грып – ці не найбольш складанае за апошнія гады захворванне.

ЖЫХАРЫ КІЕВА:
Жанчына: «Ямо часнок, цыбулю, лімоны… а на каго спадзявацца цяпер можна? Толькі сам на сябе. Я на нашую дзяржаву ніяк не спадзяюся».
Мужчына: «Вядома трэба звяртацца да лекараў. Самалячэнне – гэта вельмі сурʼёзна. Гэта пагібельна для свайго здароўя ».
Жанчына: «Асноўнае – матерыяльны бок. Як усім вядома, нашая служба аховы здароўя вельмі дрэнна забяспечаная матэрыяльна».

Сем гадоў таму, калі віравала пандэмія гэткага вірусу, ва Украіне памерлі амаль 1,5 грамадзянаў, пераважна ва ўзросце ад 18-ці да 50-ці гадоў. Тады кожны тыдзень сезону фіксавалі ад 100 да 200 памерлых. Адмыслоўцы спадзяюцца, што сёлета, дзякуючы прафілактычным захадам і папярэдняму каранціну, такіх маштабаў удасца пазбегнуць.

КІЕЎСКАЯ ШКОЛЬНІЦА:
«Мы спадзяемся, што нам падоўжаць яшчэ канікулы, каб мы пасядзелі дома ў гэты сурʼёзны перыяд і яшчэ падлячыліся, пакуль пройдзе гэтая хваля грыпу».

Каранцін, абвешчаны ад учора ў школах і шпіталях, пратрымаецца да паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі. Як падкрэсліваюць настаўнікі, ён уведзены прафілактычна, а не з прычыны вялікай колькасці адсутных з-за хваробы дзяцей. Іншыя навучальныя захады і дзіцячыя садкі працуюць. Праўда, уваход старонніх людзей забаронены.

АКСАНА АНТОШЧАК, ДЫРЭКТАРКА ШКОЛЫ № 275 КІЕВА:
«Асаблівага ажыятажу з нагоды хваробы дзяцей нашай школы не было. Адсутнічала даволі мала вучняў».

Пакуль да эпідэмічнага парогу не наблізілася толькі поўнач Украіны – гэта якраз на мяжы з Беларуссю. А найбольш складаная сітуацыя – на поўдні і ўсходзе, менавіта ў тых рэгіёнах, дзе павялічылася шчыльнасць людзей за кошт уцекачоў ад вайны. Прыкладам, толькі ў адным горадзе – Краматорску на Данеччыне – ад ускладненняў пасля грыпу памерлі 17 асобаў. Мясцовая пракуратура нават пачала крымінальнае расследаванне паводле факту службовай нядбайнасці. Медыкі ж настойліва заклікаюць людзей пры першых сімптомах грыпу звяртацца да дактароў.

ЯЎГЕН КАМАРОЎСКІ, КАНДЫДАТ МЕДЫЧНЫХ НАВУК, АЎТАР ПАПУЛЯРНЫХ КНІГ І ТЭЛЕПРАГРАМАЎ:
«Востры пачатак хваробы, з высокай тэмпературай, насмаркам і кашлем – гэта вірусная інфекцыя. Гэта не лечыцца антыбіётыкамі ніколі і ні пры якіх абставінах. Памятаеце, што антыбіётыкі не валодаюць пры вірусных інфекцыях прафілактычным дзеяннем».

Адначасова медыкі наракаюць на безадказнасць людзей ды іх нізкі ўзровень самазахавання. Сёлета праваленая кампанія вакцынацыі – толькі 1,5 % украінцаў з групы рызыкі прышчапіліся ад грыпу.

Алена Літвінава, «Белсат», Кіеў

Глядзі таксама
Каментары