Ва Украіне беларуса ўзнагародзілі медалём «За адвагу»


Былы жыхар Барысава Аляксандр Малчанаў атрымаў узнагароду ва Украіне.

Сайт Ex-press.by паведамляе, што такім чынам хлопца адзначылі за ўдзел у баях на аўдзееўскім напрамку.

«Знаходзіўся ў прамзоне Аўдзееўкі з лістапада 2016-га па чэрвень 2017-га, удзельнічаў у баях за пазіцыю «Алмаз», наўпроставай наводкай біў з СПГ-9 (станкавы супрацьтанкавы гранатамёт – заўв.) па танку сепаратыстаў. Пасля прамзоны ўтрымліваў адну з адваяваных у баевікоў ДНР пазіцыяў у раёне данецкай фільтравальнай станцыі», – распавёў Аляксандр.

Аляксандр Малчанаў браў удзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў абразе афіцыйнага сцягу, які ён сарваў з будынку КДБ.

2 сакавіка 2011 года суддзя Фрунзенскага суду Менску Таццяна Чаркас асудзіла Малчанава на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 15 Магілёва. Быў памілаваны Лукашэнкам, хаця прашэння аб памілаванні не пісаў.

Пасля вызвалення Малчанаў не мог уладкавацца на працу. Яго нікуды не бралі, нягледзячы на ​​тое, што раней ён працаваў на Барысаўскім рамонтна-механічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку» і БАТЭ.

Пазней Аляксандр Малчанаў пераехаў ва Украіну, дзе па кантракце ўступіў у рады Узброеных сіл гэтай краіны.

Медаль «За відвагу» («За Адвагу») – гэта недзяржаўная ўсеўкраінская ўзнагарода з асаблівым статусам. Ёй адзначаюць герояў АТА, якія ў складаных умовах службы даказалі сваю вернасць народу Украіны. Медалём узнагароджваюцца байцы і валанцёры за асабістую мужнасць і адвагу, праяўленыя ў гарачых кропках АТА.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Ex-press.by, фотаздымкі з «Facebook» Аляксандр Малчанава

Стужка навінаў