«Ва Украіне – афіцыйна, а ў Беларусі – брудна і брыдка». Тэорыя і практыка забаронаў


Музыка Лявон Вольскі ды палітолаг Аляксандр Фядута каментуюць практыку «культурных» і «палітычных» забаронаў у Беларусі і ва Украіне.

Тое, да чаго прэзідэнт Януковіч і ягонае асяроддзе ставіліся лаяльна, цяперашнюю кіеўскую ўладу задавальняе не зусім. Новая ўкраінская ўлада з дапамогаю забаронаў спрабуе абараніць свае пазіцыі і перамены, якія наступілі пасля «Еўрамайдану». «Старая» беларуская ўлада абараняе «стабільнасць» – з дапамогаю тых самых інструментаў.

Забарона 1 (на выступы): Спевакі, акторы, рэжысёры

Напрыканцы жніўня Служба бяспекі Украіны абвесціла спіс, які складаўся з 16 прозвішчаў дзеячаў культуры, якім забаранілі ўезд ва Украіну. Не пашанцавала Бязрукаву, Баярскаму, Лепсу, Кабзону, Міхалкову, Валерыі, Газманаву, а таксама яшчэ некалькім асобам, што маюць дачыненне да творчай дзейнасці.

«Ва Украіне ідзе вайна, – каментуе сітуацыю музыка Лявон Вольскі, – таму сітуацыя ў гэтай краіне надзвычайная. Падчас надзвычайных сітуацыяў могуць прымацца адпаведныя меры. Каб гэтыя людзі не выказвалі ўсялякае падтрыманне сепаратыстам і не клялі дзеянні ўкраінскае дзяржавы, ніхто бы іх не забараняў. Уявіце сабе: ідзе вайна, а тут у Кіеў прыязджае Кабзон ды пачынае на канцэрце агітаваць народ ісці ў добраахвотніцкія войскі «ДНР» і «ЛНР».

У Беларусі таксама вайна, але на ідэалагічным фронце. Сам Лявон Вольскі, як і шматлікія іншыя рок-музыкі, не аднойчы трапляў у «чорныя спісы»:

– Ва Украіне ёсць афіцыйна замацаваны спіс непажаданых для прыезду артыстаў. Наколькі я разумею, маючы жаданне, можна даведацца, якія там прозвішчы і пра прычыны забароны. Каб гэтак жа афіцыйна было ў Беларусі – я бы нічога не меў супраць… Але ў Беларусі гэта адбываецца праз таемныя тэлефонныя званкі ды іншыя закулісныя прыёмы – брудна і гідка.

Забарона 2 (на рэалізацыю): Мастацкія фільмы, кнігі

На пачатку лета стала вядома, што 162 расейскія фільмы і серыялы забаранілі да паказу на тэрыторыі Украіны. У «чорны спіс», у першую чаргу, траплялі стужкі пра паліцэйскіх, вайскоўцаў і іншых сілавікоў. Пад забаронаю апынулася таксама і камедыйная стужка «Мамы», фільм пра вялікага змагара Паддубнага, а таксама культавая карціна «Брат-2» (на думку некаторых адмыслоўцаў, праз словы «лысага брата» пра ўкраінцаў).

Напрыканцы жніўня прайшла інфармацыя пра забарону 38 кнігаў, выдадзеных у Расеі. Кнігі Дарэнкі, Каровіна, Глазьева, Лімонава, а таксама некаторых іншых аўтараў, у якіх вядзецца пра розныя ўкраінскія падзеі, у тым ліку, пра тое, што адбываецца з часоў Еўрамайдану-2013.

«Я не лічу гэта правільным, – каментуе гэтыя забароны палітолаг Аляксандр Фядута. – Сваю адзнаку мусіць паставіць спажывец прадукцыі, набываючы кнігі, квіткі, дыскі з запісамі, альбо не набываючы. Палітыку Міністэрства культуры Украіны ў гэтым пытанні я лічу лагічнай, але бессэнсоўнаю. Аднак падкрэслю: калі прыватная асоба хоча паглядзець фільм «Брат-2» удома, яна знойдзе такую магчымасць, і ніхто яе за гэта не будзе пераследаваць».

У Беларусі забароненыя мастацкія (прычым, не абавязкова палітычныя) фільмы, такія як «Антыхрыст» Ларса фон Трыера, культавыя фільмы жахаў «Піла», «Тэхаская разня бензапілой», «Злавесныя мерцвякі».

Ёсць у «чорным спісе» беларускага Мінкульта, вядома, і стужкі, што маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі – напрыклад, фільм па матывах п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя», які зняў у 2007 годзе наш тэлеканал.

Акрамя таго, беларускія ўлады чамусьці забаранілі камедыю «Дыктатар», рэжысёра Лары Чарльза, які выйшаў у 2013 годзе. «Гераічная гісторыя паўночнаафрыканскага дыктатара, які рызыкуе сваім жыццём, каб дэмакратыя ніколі не прыйшла ў краіну, якую ён так любоўна прыгнятае». Фільм прысвечаны «светлай памяці Кім Чэн Іра» – такое апісанне карціны змяшчаецца на Вікіпедыі. Усяго ў Беларусі забаронена 110 фільмаў.

Забарона 3 (на выкарыстанне прапаганды): сімволіка і партыі



На пачатку красавіка Вярхоўная Рада прыняла законапраект, паводле якога ва Украіне забаранілі прапаганду і выкарыстанне сімволікі камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) рэжымаў. Таксама была накладзеная забарона на публічнае адмаўленьне іхных злачынстваў.

Пасля гэтага Міністэрства юстыцыі забараніла тром камуністычным партыям ва Украіне ўдзельнічаць у выбарчым працэсе.

«Усе ідэалогіі роўныя, – лічыць Аляксандр Фядута, – і з гэтага пункту гледжання, ні нацызм, ні камунізм, ні лібералізм, ні сацыял-дэмакратыю знішчыць немагчыма, як немагчыма забараніць людзям думаць так, а не інакш. Калі ж гаворка вядзецца пра сістэмы кіравання і кантролю за дзейнасцю людзей, то, бясспрэчна, у дваццатым стагоддзі не было больш жахлівых сістэмаў, чым тыя, што апраўдвалі сваю правапрымяняльную практыку ідэалогіяй камунізму і нацыянал-сацыялізму. І забароненыя не сімвалы ідэяў, а сімволіка партыяў і сістэмаў, што гэтымі ідэямі прыкрываліся».

І калі ва Украіне забараняюць сімволіку партыяў і рэжымаў, ахвярамі якіх сталіся дзясяткі мільёнаў чалавек, то ў Беларусі сілавікі і кіруючыя асобы, па факце, забаранілі сімвал гістарычнае спадчыны. Напрыклад, бел-чырвона-белы флаг і герб «Пагоня».

Забарона 4 (на ўезд): 10 французскіх дэпутатаў.

У сярэдзіне ліпеня стала вядома пра тое, што дзесяці дэпутатам французскага парламента, што незаконна наведалі анексаваны Крым, забаранілі ўезд ва Украіну.

«Гэта справа сувярэннай Украіны. У Еўрапейскім Звязе таксама існуе практыка абмежавання на ўезд непажаданых асобаў. У спіс тых, у дачыненні да каго прымяняюцца такія санкцыі, трапляюць нават кіраўнікі дзяржаваў – напрыклад, Аляксандр Лукашэнка, – адзначае Аляксандр Фядута. – Таму не варта ўспрымаць вынаходніцтва ровара ўкраінскімі заканадаўцамі як нешта беспрэцэдэнтнае. Не першы ровар у свеце і не апошні».

Беларусь забараняе ўезд на сваю тэрыторыю шэрагу заходніх палітыкаў і расейскіх праваабаронцаў. А беларускую праваабаронцу, праўда, з пашпартам РФ, – выдалілі з краіны.

Забарона 5 – забарона шэрагу расейскіх авіякампаніяў на палёты ва Украіну

Ад 25 кастрычніка Украіна закрыла сваю паветраную прастору для некалькіх расейскіх авіякампаніяў, у тым ліку – «Аэрафлоту» і «Трансаэра».

«Няма чаго самалётам з трыкалорам рабіць ва ўкраінскіх аэрапортах» – так сітуацыю пракаментаваў украінскі прэм’ер Арсень Яцэнюк.

«Уведзеныя абмежаванні на палёты самалётаў кампаніяў, што ўвялі крымскія аэрапорты ў склад нацыянальных авіялініяў Расеі. Тыя, хто не лётае ў Крым, могуць спакойна заняць іхнае месца ў Барыспалі і Жулянах – нягледзячы на расейскі трыкалор, – кажа палітолаг Фядута. – Логіка рашэнняў, што прымаюцца, відавочная і празрыстая. Расейскія авіякампаніі стаяць перад выбарам: Крым, альбо астатняя Украіна. Украінскі рынак авіяпаслугаў настолькі больш прывабны, што, на думку ўкраінскага ўрада, эканамічны разлік павінен пераважыць».

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў