«Уз’яднанне» Беларусі пад савецкай акупацыяй


17 верасня – дзень, калі савецкія войскі без аб’яўлення вайны атакавалі Польшчу. Здарылася гэта акурат у той час, калі польскія войскі, сярод якіх былі і дзясяткі тысяч мабілізаваных беларусаў, біліся з арміямі нацысцкай Нямеччыны.

Выпадковасцю гэта не было – савецкі ўдар быў не проста ўзгоднены з Берлінам, Гітлер таемна заклікаў Сталіна атакаваць Польшчу з тылу як мага хутчэй. У выніку плённага камуністычна-нацыстоўскага супрацоўніцтва пад савецкі кантроль трапілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, а тэрыторыя Віленшчыны з Вільняй была далучаная да Літвы.

Кожны год у гэтыя дні то з аднаго, то з іншага боку можна пачуць «вось яно, прыйшло вялікае беларускае свята – свята аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі». Паглядзіце на фотаздымкі, пачытайце ўспаміны, кажуць прыхільнікі гістарычнай падзеі – гэта не савецкая прапаганда, што беларусы з радасцю сустракалі Чырвоную Армію!

Сапраўды, у верасні 1939 году беларускае насельніцтва з радасцю і надзеяй сустрэла чырвонаармейцаў – яны ўяўляліся жывым увасабленнем вызвалення ад польскага нацыянальнага прыгнёту, знішчэння мяжы, якая ў 1921 годзе падзяліла суседзяў і сваякоў, носьбітамі сацыяльнай справядлівасці.

Праўда, эйфарыя цягнулася нядоўга – і ўжо менш чым праз 2 гады заходнія і ўсходнія беларусы часта з падобнымі ж надзеямі і з кветкамі ў руках сустракалі ўжо танкі вермахта.

[vc_single_image image=”368480″ img_size=”large”]

У абодвух выпадках нашы продкі мелі прычыны, каб жадаць, як гэта не парадаксальна зараз гучыць, вайны. І не проста вайны, але і паразы той дзяржавы, якая кантралявала іхныя землі.

Пад уладаю Польшчы

Варшава атрымала Заходнюю Беларусь у выніку падпісанага з Савецкай Расеяй (СССР яшчэ не было) у 1921 годзе Рыжскага міру. Аднак хоць гэтая вайна закончылася ў час буйных поспехаў польскай арміі, савецка-польская мяжа была праведзеная не так далёка на ўсход, як было магчыма.

«Саветы пад ціскам ваенных дзеянняў былі гатовыя на любыя саступкі», – пісаў сакратар польскай дэлегацыі Аляксандр Ладась.

Аднак большасць польскай дэлегацыі складалі не тыя палітыкі, якія бачылі магчымасць стварэння беларускай дзяржавы ў федэрацыі з Варшавай, але польскія шавіністы, паслядоўнікі Рамана Дмоўскага, якога некаторыя прыхільнікі «расейскага свету» зараз так любяць. І нездарма – яны, як і Дмоўскі, лічаць Беларусь і Украіну гістарычнымі недарэчнасцямі, якіх не павінна існаваць паміж Расеяй і Польшчай.

Лёсам беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы, па меркаванні такіх палітыкаў, мусіла стаць поўная асіміляцыя, татальнае пераўтварэнне ў палякаў. А для гэтага не трэба было мець у межах Польшчы зашмат непольскага “элемента”.

«…Сама Польшча адмовілася ад усходніх абласцей. Беларусы нас не зразумеюць, таму што мы самі… не пытаючыся беларусаў, падзялілі іхную краіну. Аднак Грабскі, які вёў перамовы за плячамі дэлегацыі, прыйшоў да высновы, што Польшча раз і назаўсёды мусіць вызваліцца ад гэтай »беларускай язвы«, – з сумам і сорамам пісаў будаўнік Чырвонага Касцёла Эдвард Вайніловіч.

[vc_single_image image=”368481″ img_size=”large”]

Такім чынам палітыка Польшчы чым далей, тым больш будавалася на імкненні цалкам асіміляваць беларускі народ на захадзе Беларусі як палітычны і культурны фактар. Пераследваліся не толькі беларускія актывісты левага ці пракамуністычнага накірунку, але ў цэлым беларускі нацыянальны рух, любая  беларуская актыўнасць у культурнай, эканамічнай  і рэлігійнай сферы.

У той ж час у 1930-я годы  інфармацыі з Усходняй Беларусі, якая аказалася пад кантролем Саветаў, амаль не было.Многія заходнія беларусы з надзеяй глядзелі на ўсход, лічачы новапаўсталую Беларускую ССР сапраўднай беларускай дзяржавай, дзе развіваецца беларускай культура і адукацыя, а эканоміка працуе дзеля дабра ўсяго насельніцтва.

[vc_single_image image=”368482″ img_size=”large”]

Таму сапраўды ў верасні 1939 года многія ў Заходніх Беларусі і Украіне сустракалі савецкіх жаўнераў з радасцю.

І менавіта прыход савецкай улады і абумовіў крах гэтых прасавецкіх ілюзій.

Пад уладаю Масквы

СССР у 1921 годзе адмовіўся ад любых прэтэнзіяў на землі на захад ад новай савецка-польскай мяжы, а ў 1932 годзе заключыў з Варшавай і дамову аб ненападзе, які і быў разарваны 17 верасня 1939 году.

Аднак летам 1939 года СССР і Нямеччына сакрэтна падзялілі тэрыторыю Усходняй Еўропы паміж сабой – быў падпісаны Пакт Молатава-Рыбентропа. За тры дні да пачатку вайны Берлін нават па-сяброўску спытаўся ў Масквы – ці праўда, што савецкія войскі не стаяць на ўсходніх межах Польшчы. У адказ СССР не толькі паведаміў у Берлін, што гэтая інфармацыя не адпавядае сапраўднасці.

[vc_single_image image=”368483″ img_size=”large”]

Маючы такім чынам падтрыманне СССР, Гітлер 1 верасня 1939 году напаў на Польшчу, чым і пачалася Другая сусветная вайна.

Пра сам пачатак вайны Берлін зноў ж па-свойску паведаміў Маскве, а таксама папрасіў наладзіць працу савецкай радыёстанцыі ў Менску так, каб яна магла быць выкарыстаная нямецкай авіяцыяй як радыёмаяк. Просьба была выкананая.

Праз 16 дзён, таксама па ўзгадненні з Гітлерам, савецкія войскі перайшлі польскую мяжу.

Дагэтуль не палічаныя ахвяры першай хвалі савецкага тэрору, якая вельмі часта здзяйснялася рукамі мясцовых камуністаў і маргіналаў на загад новапрыбылага начальства. Акурат у гэтыя дні быў забіты 71-гадовы Раман Скірмунт – былы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, які выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Польшчы.

Забівалі таксама святароў, каталіцкіх і праваслаўных, былых польскіх чыноўнікаў, паліцэйскіх, ці проста тых, хто трапіўся пад руку. Аднак гэта быў толькі пачатак.

У лютым 1940 года пачаўся масавы вываз насельніцтва ў Сібір. З 10 па 13 лютага Беларусь страціла 50 732 асобы. З-за жорсткіх марозаў і голаду з іх да траўня памерла больш за 11 500, у асноўным дзяцей і старых.

[vc_single_image image=”368484″ img_size=”large”]

Да 22 чэрвеня 1941 году Заходняя Беларусь перажыла яшчэ тры такія чэкісцкія аперацыі. У красавіку 1940 года было рэпрэсавана 26 777 чалавек, у чэрвені 1940 – 22 897, у траўні-чэрвені 1941 года – 24 412. Дадаткова тысячы патрапілі ў турмы і ГУЛАГ, прымусова былі адпраўленыя на розныя прадпрыемствы і шахты ў іншых рэгіёнах СССР.

Летам 1941 года савецкі прыгнятальнік для заходняга беларуса ўжо стаў выглядаць не лепш, а то і горш за польскага.

Змена акупацыі

Можна доўга спрачацца пра тэрміны, але для беларускага патрыёта любая ўлада, якая прыйшла на чужых штыках і перашкаджае стварэнню беларускай незалежнай дзяржавы на беларускіх землях – улада акупантаў.

У гэтым сэнсе як Заходняя, гэтак і Усходняя Беларусь з 1921 па 1939 год знаходзіліся пад акупацыяй.

Няхай у БССР друкаваліся беларускія кнігі і адкрываліся беларускія школы – з 1941 па 1944 год гэта ж адбывалася і ў арганізаванай немцамі Генеральнай акрузе »Беларусь«, але ж гэта не адмяняе факт нямецкай акупацыі.

ССРБ, ЛітБел, БССР – сама колькасць трансфармацый »дзяржаўных утварэнняў« сведчыць, што прапагандысцкія шырмы бальшавіцкая Масква мяняла, не звяртаючы на жаданні беларусаў, як пальчаткі.

Пра гэта ж сведчыць і лёс Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, куды патрапілі многія беларускія ідэалісты. У 1938 годзе паводле рашэння кіраванага Масквою Камінтэрна (міжнароднага аб’яднання камуністычных партый) яна была распушчаная, многія яе сябры загінулі ад куль той улады, ад якой яны чакалі вызвалення для Беларусі.

Самым яскравым прыкладам тут, напэўна, будзе і самы просты. Прыкладна праз год пасля ўрачыстага »уз’яднання беларускага народа ў адзінай беларускай рэспубліцы« у Маскве трохі перадумалі. І вырашылі кавалак гэтага народа зноў аддзяліць. У лістападзе 1940 года ціха і без фанфараў у сувязі з перадачай у склад новастворанай Летувіскай ССР часткі тэрыторыі БССР страціла 3 раёны – Гадуцішкоўскі, Свенцянскі і Парэчскі.

[vc_single_image image=”368485″ img_size=”large”]

Ужо ў 1944 годзе зноў ж разглядаючы беларускую зямлю толькі як разменную карту ў вялікіх палітычных гульнях, а БССР як сваю ляльку, Сталін вырашыў адрэзаць ад яе яшчэ частку тэрыторыі – Беластоцкую вобласць і частку Берасцейскай.

Такім чынам БССР, якая па меркаванні некаторых, належыць да пераможцаў у »Вялікай айчыннай вайне«, закончыла гэтую вайну з меншай тэрыторыяй, чым пачынала. Дзіўная “перамога”!

Менш буйныя кавалкі беларускай тэрыторыі ў 1946-1955 гадах Масква адрэзала яшчэ чатыры разы. І калі ў 1940 годзе тэрыторыя БССР складала 223 тысячы кв.км., то ў 1959 – 207 тысяч.

Разрэкламаванае камуністамі і пракамуністычнымі аўтарамі «уз’яднанне беларускага народа» аказалася толькі падпарадкаваннем беларускай тэрыторыі адным, больш подлым і крывавым акупантам. Які далей працягваў дзяліць «узяднаны» народ.

P.S. На гэтым тле не выглядае чымсьці дзіўным той факт, што мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю не знікла ў 1939 годзе – савецкія памежнікі працягвалі яе ахоўваць, каб непатрэбнымі думкамі і ўражаннямі ад чырвонага панавання не абменьваліся 2 часткі беларускага народа.

Фактычна, гэтую мяжу ліквідавалі толькі нямецкія войскі ў 1941 годзе!

Выглядае на тое, што калі святкаваць дату 17 верасня і ставіць помнікі з гэтай нагоды, то без адзначэння нямецкага ўдзелу праўдзівы манумент проста не атрымаецца…

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў