«Узрыў быў – дык я каровы даіла. Усе паўцякалі. І ўжэ памярлі тыя, што паўцякалы, а я жыву»


Самы забруджаны радыяцыяй раён Беларусі гарадзенскі фатограф паказаў на сваёй новай выставе, якая адкрылася ў Горадні. Фотаздымкі Сяргея Курылы «размаўляюць» з гледачамі

У гадавіну Чарнобыльскай аварыі ў Цэнтры гарадскога жыцця адкрылася фотавыстава з выявамі вёсак Брагінскага раёнe – самай забруджанай радыяцыяй тэрыторыі ў Беларусі. Гарадзенскі фатограф Сяргей Курыла трэці год вандруе па вёсках Брагінскага раёнe, каб адлюстраваць сучаснае жыццё гэтых спустошаных і атручаных мясцін.

«Прыцягвае містыка гэтых зямель. Знаходзячыся ў гэтых мясцінах тужлівых, якія вянуць, чамусьці хацелася думаць пра каханне. Я падумаў, што нехта паглядзіць і таксама будзе любіць. Атмасфера спустошанасці добра праяўлялася. Трэці раз гэтая тэма пачынае жыць па-іншаму, пачынае да сябе пускаць. І бачыш акрамя стандартнага погляду ўсіх людзей пра аварыю, Чарнобыль, пачынаеш бачыць яшчэ сацыяльныя пытанні. Усё гэта звязваеш, спрабуеш зрабіць аналіз», – тлумачыць фатограф.

Самым цяжкім, як распавядае аўтар выставы, было адчуваць смерць побач з людзьмі, якіх не раз наведваў Сяргей.

«Я заязджаў да тых самых людзей, у якіх быў два гады назад і было непрыемна бачыць, што яны пачынаюць сыходзіць. Дзядуля, які быў такім бадзёрым і жартавалі мы з ім, і шмат размаўлялі, зараз проста не ўстаў з ложка. І было бачна, што гэта дом паміраючага чалавека. У энергетыцы адчувалася смерць. Гэта страшна і балюча. І потым былі яшчэ наведванні іншых людзей і я проста баяўся ўжо ехаць, каб не ўбачыць нешта падобнае. Таму што прызвычаіўся да гэтых людзей і хацелася б, каб яны жылі чым даўжэй», – распавядае фатограф.

«Галасы. Ва ўсіх такія розныя і шчырыя»

Выстава Сяргея Курыла гаворыць з гледачамі не толькі мастацкімі і эстэтычнымі выявамі. Фатограф выкарыстоўвае моцны прыём – у пакоях галерэі гучаць галасы людзей з фота. І іх галасы сапраўды прымушаюць замаўчаць і прыслухацца. Асабліва прываблівае аўтэнтычныя палескія гаворкі, якімі гавораць жыхары «зоны».

На прыклад бабуля, якая дажывае свой век у адной з забруджаных вёсак. Так хочацца захаваць кожны гук такім, якім яна яго прамаўляе.

«Пароходы прыйдуць. Завод закупляў сабе пароход і прызжалы на выхадныя. Ох. Всэ сэло було. Музыка, спевы, танцы. Такэе було. А цяперака… вось як ўзарваўся цэй Атом. Радзіва гаманіло. У рупары крычалы. У обшэм красата была, а цяпер – глуш. Нідзе нічаво. А ўзрыў быў – дык я каровы даіла. Усе паўцякалі, а я нікуды не паехала, я – каровы даіла. І ўжэ памярлі тыя, што паўцякалы, а я жыву. От цюльпаны ўжэ сыходзят, крокусы. Цяперака тылькі разваліны кругом і ўсё. Адны разваліны, няма больш нікаво. Ну, тут красіво канешне. Тылькі няма каму ўжэ… У той зрыў павыезжалы, маладзёж павыезжала, старыя… І няма…. Ужэ людзей. І ўсюды так. Хай бы хоць… як музей буў бы. Людзі ж усё сваімі рукамі рабілы. Але ўсё разбазарылі, разграбілі».

Або голас мужчыны, які збірае металалом, каб зарабіць на цыгарэты.

«Ну а што рабіць? Курыць-та хочацца. Вось пайшоў, узяў часць, 1200 за кілаграм. Старымі. Жалеза, а чугун – 1800. Гэта шчас, счытай, пазакапвалі, а ано ішчэ есць у зямле, многа. А скока не хадзі, 10 гадоў усе абходзяць. Усе вазізілі, вазізілі, на следуюшчы год апяць – во такая жэлязяка! Зачапіўся нагой у траве. Усе прахадзілі, а я знайшоў. Ну а шо? Работы нету. Калхоз 25 кіламетраў атсюда. Самы бліжайшы. А вазіць ніхто не збіраецца. А шо я наезжу? У Брагін едзь, устрайвайся на работу – так там тожа нерэальна. Паўсюль скарачэнні поўным ходам. Маці ў бальніцы. Усё такі радыяцыя есць радыяцыя. Тым больш мы тады на самым пачатку добра схапілі. А патом усё качуеш, але кроме родзіны нічэво нету сваево. Усё роўна цягне на сваё месца. Дзе нарадзіўся і вырас. Ну ў зоне я жыву. У зоне. У лес пайсці – нельзя. Акружылі шлагбаумамі. І вось людзі хоць і пажылыя, а ўсё роўна – кажуць: мы на сваёй зямлі і памром. А тут засталося 3 бабкі. Ды 2 інваліда. Я ж таксама хачу грыба. А ў лес нельзя… Я вот жыву ў хаце. Выходзіш: па асфальту то зайцы, то стада кабаноў, то ласі. Я ўжо прывык, я іх не трогаяю і яны мяне не трогаюць. Прырода красівая, но зарасло ўсё. Кожны воўк у пошуках ежы, як і мы зараз».

«Лучшэ б затушыць, так іншыя не памруць»

Або кранальны голас маленькага хлопчыка, які тлумачыць, што ён асабіста бачыць на фота і пры гэтым зусім па-даросламу разважае пра жыццё і смерць.

«Мне папа расказваў, што была аварыя на ЧАЭС. Людзей забіралі, ляцелі многа верталётаў. Людзям давалі такія адзежкі бальшыя. Ажно рукава звісалі. Ляцелі самалёты і тую адзежду ўбралі, у якой яны былі там і іх засялілі ў эці дама. І мы ёй і дышым. (Радыяцыяй). Трохі асталась. Проста яна не відная. Гэта, як газ, яна не відная проста. Ну, яна е. Людзі ходзяць і правяраюць. І тады быў пажар на ЧАЭС і ў людзей абдзіралась кожа і яны ўміралі. Што-та з ёй случалась. Я б лучшэ жыў. Калі б людзі жылі вечна, тагда была б… ну, харашо. Еслі б людзі жылі вечна, тада б яны і на Марсе хадзілі, і ім нічога не страшна. Напрымер на чалавека ляціць з вялікай скорасцю машына. Збіла і нічога. Я б паявіўся. Нічэво б не баялісь. Нічэво».

«У гэтым хлопчыку, я хацеў паказаць вобраз палескіх дзяцей. Мне ён падаўся вельмі харатэрным. Па вымаўленні і па сваіх паводзінах ён вельмі добры і спагадлівы хлопчык. Клічуць Андрэй. І калі я спытаў яго, пра пажар АЭС, што было б калі б ён памёр, ён крыху падумаў, а потым так сурёзна вымавіў: «Затое б затушыў. (уздыхае….) Лепш бы затушыць, так іншыя не памруць», – распавядае фатограф Сяргей Курыла, які ўпершыню акрамя здымкаў пачаў збіраць «вусную гісторыю».

«Галасы. Ва ўсіх такія розныя і шчырыя. У кожнай вёсцы свая гаворка. Ды й для сябе запісваў, каб узгадаць гэтых людзей, іх гісторыі, а раптам іх ужо не будзе».

Зона адчужэння

«Зона адчужэння, у якую людзі пачалі паціху вяртацца. Часу прайшло шмат. І ў прынцыпе яны там жывуць і працуюць. Некаторыя ездзяць у калгас на працу. Хтосьці жыве збіральніцтвам. Нехта яшчэ чымсьці. Проста пенсіянеры. Гэта радзіма. І вяртаюцца на радзіму, таму што гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Як сказаў адзін з маіх суразмоўцаў», – кажа Сяргей.

Як патлумачыла адна з прысутных на выставе Надзея Мялешка, якая 12 гадоў працуе дырэктарам Брагінскага музея, менавіта гэты раён Беларусі найбольш пацярпеў пасля аварыі 31 год назад.

«Парадку 30-ці тысяч насельніцтва было адселеных. Зараз пражывае каля 12 тысяч. Магу сказаць, што карэннага насельніцтва вельмі мала пражыве. Плюс да ўсяго, раён вялікі тэрытарыяльна. Частка раёна гэта жылая тэрыторыя, дзе працаваў Сяргей. На гэтай выставе закрытых тэрыторый няма. Гэта адкрытыя тэрыторыі, там дзе жывуць людзі. Больш 50 населеных пунктаў: гэта вёскі пасёлкі. Закрытыя – гэта зона запаведніка. На тэрыторыі запаведніка працуе яшчэ навуковая лабараторыя. Каля 200 навукоўцаў, якія даследуюць уздзеянне радыяцыі на жывёлаў», – тлумачыць спадарыня Надзея, якая на выставу адмыслова прыехала з Брагіна.

«За 12 гадоў працы ў музеі мне прыходзіцца працаваць з вялікай колькасцю фатографаў, і людзі прыязджаюць з такім, часта некарэктным падыходам. У Сяргея вельмі чалавечы падыход. Ён не проста прыязджае паздымаць нейкія жахі, а вывучае тэму. Гэта такі перыяд пераасэнсавання. Ён вяртаецца да тых самых людзей. Таксама ў яго такі погляд: чалавек, прырода, жыццё. Усё разам. І калі ёсць па настроі такая троху дэпрэсіўнасць, то яна завязана ўсё ж такі з нейкай філасофіяй, а не з поўнай адсутнасцю жыцця.. І гэта мне вельмі падаецца правільным», – дадае дырэктар Брагінскага музею.

На пытанне, як можна жыць у зоне радыеактыўнага забруджання, спадарыня Надзея толькі злёгку пасміхнулася.

«Калі ў мяне пытаюць, што ты робіш у Брагіне – мне цяжка адказаць. Я заўсёды адказваю, што гэта нейкая магія Палесся. Таму што, гэта зямля сапраўды ўнікальная і для мяне вельмі любімая. Таму ў мяне такое асаблівае стаўленне да Брагіна. Гэта калі для цябе гэтая тэма новая, то здаецца што гэта страх, дзікасць. Калі чалавек там жыве, гэта перастае так востра гучаць. Людзі жывуць па сваіх правілах. Вы думаеце людзі, якія там жывуць кожны дзень думаюць і абмяркоўваюць, што яны жывуць у чарнобыльскім раёне? Канешне не. Можна ж зваряцець так. Можна навучыцца на ёй правільна жыць. Грыбы правяраць у лабараторыі. Даследванні праходзіць жыхарам раёну. Звычайныя людзі і жыццё ўстроена звычайна».

Выставу Сяргея Курылы можна будзе паглядзець і «паслухаць» у Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні да канца тыдня.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў