Узброеныя людзі захапілі аддзяленне паліцыі ў Ерэване


Падчас захопу будынку паліцыі загінуў паліцыянт, яшчэ некалькі асобаў атрымалі раненні. Людзі са зброяй патрабуюць вызваліць арыштаванага ўдзельніка карабахскага канфлікту, лідара радыкальнага апазіцыйнага руху «Новая Арменія» Жірайра Сефіляна (на фота). 

BFEAF929-CE4C-4AC7-85E0-F382F3C1E4A0_w987_r1_sФота: rus.azatutyun.am

Паводле ТАСС, акрамя вызвалення Сефіляна апазіцыянеры патрабуюць адстаўкі ўладаў Арменіі. Да будынку сцягнулі войскі, перакрытыя ўсе дарогі.

Сефілян абвінавачваецца па артыкуле «незаконныя набыццё, продаж, захоўванне, перавозка або нашэнне зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў цi выбуховых прыладаў, учыненыя групай асобаў па папярэдняй змове». Па яго крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных праходзяць дзевяць асобаў. Паводле следства, яны хацелі захапіць урадавыя будынкі і тэлевежу.

У 2006-м Сефілян на 18 месяцаў трапіў у турму за публічныя заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага парадку і незаконнае захоўванне зброі. У чэрвені 2008 года пасля адбыцця тэрміну пакарання выйшаў на волю. Сёмага красавіка 2015 года Сефілян разам з прадстаўнікамі арганізацыі «Устаноўчы парламент» быў арыштаваны па падазрэнні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, але праз месяц яго адпусцілі.

Жірайр Сефілян нарадзіўся ў 1967 годзе ў Ліване. Удзельнічаў у самаабароне армянскай абшчыны падчас грамадзянскай вайны ў Ліване (1975-1990 гады). У 1990-х прыехаў у Нагорны Карабах і ўзяў удзел у канфлікце з Азербайджанам. Некаторы час пасля пераможнай карабахскай вайны ён служыў у шэрагах Арміі абароны Нагорнага Карабаху. Быў дэмабілізаваны ў званні падпалкоўніка. У апазіцыі з пачатку 2000-х.

Фота: dailysabah.com

ЮВ, belsat.eu, паводле yerkirmedia.am, ТАСС

Глядзі таксама
Каментары