Узбекістан: няма валюты, рынкавы курс долара ўдвая вышэйшы за афіцыйны


Грамадзяне Узбекістану і ўсе кампаніі гэтай краіны не змогуць праводзіць абменных аперацыяў з валютай як мінімум да пачатку ліпеня.

Афіцыйны сайт Цэнтрабанку Узбекістану зняпраўджвае чуткі пра апошнія абмежаванні ды называе паведамленні медыяў выдумкаю ды проста правакацыяй. Раней гэтая ўзбекская фінансавая ўстанова накіравала прэм’ер-міністру папярэджанне аб дэфіцыце наяўнай валюты ў эканоміцы. На мінулым тыдні курс долара на чорным рынку дасягнуў рэкорднай адзнакі – 5 тыс. узбекскіх сумаў. Гэта ўдвая перавышае афіцыйна ўсталяваны курс.

Эканамічны крызіс у Расеі стаўся прычынаю таго, што працоўныя мігранты з Узбекістану не дасылаюць на радзіму грошай ці дасылаюць іх меней. Яшчэ з 1-га лютага 2013-га года ўлады Узбекістану абмежавалі продаж фізічным асобам замежнай валюты. Замежныя грошы можна было атрымаць толькі праз банкі ў выглядзе пераводаў, а таксама пераводам на банкаўскія карткі грамадзянаў. У красавіку аперацыі абмену валюты спынілі таксама ў Таджыкістане.
Карпарацыя «Fitch Ratings Inc»., якая ўваходзіць у тройку найбольш уплывовых міжнародных рэйтынгавых агенцтваў, у сакавіку 2015-га года апублікавала прагноз, дзе звязала эканамічны заняпад краінаў СНД з крызісам у Расеі. Найбольш залежнымі ад эканомікі Расеі краінамі агенцтва назвала Украіну і Арменію.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Раней выданне «The Guardian» паведамляла, што абвал расейскага рубля нясе пагрозу краінам, чыя эканоміка моцна залежыць ад валютных пераводаў працоўных мігрантаў. Варта адзначыць, што гаспадаркі некаторых краінаў са спісу залежаць ад грашовых пераказаў гастарбайтараў з Расеі адносна нязначна. Напрыклад, Літва – на 4–5 %, у той час як эканоміка Кыргызстану – на 31,5 %, а Таджыкістану – ажно на 42 %.

Падзеі нядаўняй мінуўшчыны прымусілі Беларусь адмовіцца ад фіксаванага курсу валюты і перайсці да больш гнуткай палітыкі ў сферы курсаўтварэння. Адправіць у свабоднае плаванне нацыянальную валюту ў хуткім часе збіраецца таксама Казахстан.

Гарась Валатовіч, belsat.eu, паводле epravda.com.ua, theguardian.com, rbc.ru, ca-news.org

Стужка навінаў