Ува Украіне дыскутуюць аб увядзенні лацінкі


Міністр замежных справаў Украіны прапанаваў падумаць над увядзеннем паралельнага алфавіту.

З пытаннем пра думку наконт увядзення лацінскага алфавіта Павел Клімкін апублікаваў у «Фэйсбуку» пасля размовы з еўрапейскімі навукоўцамі, публіцыстамі і былымі палітыкамі. Падчас сустрэчы ў Кіеве польскі журналіст Земавіт Шчэрэк запытаўся, чаму б Украіне не перайсці на лацінку. Клімкін адрасаваў пытанне сваім падпісчыкам.

На допіс адрэагавалі больш за 1000 чалавек, ён сабраў 500 каментароў. Большасць людзей піша, што ўва Украіне ёсць больш пільныя справы.

Такога ж меркавання і чальцы Рады.

«Думаю, гэта пытанне сёння не актуальнае», – кажа ў каментары ўкраінскай рэдакцыі BBC першы намеснік старшыні парламенцкага камітэту па пытаннях навукі і адукацыі Аляксандр Співакоўскі.

Паводле ягоных словаў, пераход на лацінскі алфавіт цягне за сабой вялікі аб’ём працы ў адукацыйнай сферы.

«Трэба перапісваць усе падручнікі, метадычныя дапаможнікі, увесь адукацыйны матэрыял, камп’ютарныя праграмы. Мне вельмі цяжка ўявіць, якія патрэбныя намаганні і рэсурсы, каб рэалізаваць гэтую ідэю», – кажа Співакоўскі.

Украінскі філолаг Аляксандр Панамароў да ідэі пераходу на лацінку ставіцца крытычна, дапускаючы, аднак, што яна магла б існаваць як паралельны алфавіт – гэтаксама як у сербскай мове.

У 2017 годзе аб пераходзе на лацінку абвясціў Казахстан.

ДД

Стужка навінаў