Уцякачка з Каўказу: «У нас любую асобу могуць расстраляць ці прадаць»

video

Беларусь як транзітная краіна на шляху да дэмакратычных дзяржаваў. Ад прыгнёту, беднасці і рэпрэсіяў грамадзяне нашых усходніх суседзяў бягуць на Захад.

«Да любога чалавека могуць прыйсці, калі ён у нечым адмовіў, яго расстрэльваюць на месцы. Ні міліцыя, ні ФСБ, ніхто не можа дапамагчы. У нас любога чалавека можна прадаць за грошы. Купіць чалавека за грошы. Разумееце, якая дзяржава?», – распавяла ўцякачка з Дагестану Паціма Саідава.

Берасце, горад каля беларуска-польскае мяжы, стаўся сцэнаю сапраўднае трагедыі. Імправізаваны лагер і акцыю пратэсту супраць міграцыйнае палітыкі польскіх уладаў недалёка ад памежнага пераходу зладзілі каля сотні чачэнцаў ды іншых прадстаўнікоў паўночнага Каўказу, якім адмовілі ў наданні палітычнага прытулку ў Польшчы.

«Мы стаміліся ўжо. Мы галодныя, халодныя, дзеці хворыя. Што нам рабіць? Мы адтуль уцякаем – нас адтуль гоняць. Мы тут сядзім – нас адсюль гоняць. Яны нам, як косць кідаюць, трымайце падачку – мы вас дваіх-траіх прапусцім, а далей не прапусцім. Здзекуюцца, як могуць. Мы ж людзі», – абураецца ўцякачка з Чачэніі.

У Польшчу з 27-га разу

27-мы раз спрабуе мінуць мяжу і атрымаць палітычны прытулак Паціма Саідава з Дагестану.

«Нас, як бараноў, возяць туды-сюды. Мы на дзень трацім Br 60. Уяўляеце?»

Больш як удвая цягам апошняга года вырасла колькасць уцекачоў з Чачэніі, рэспублікі, якая ўваходзіць у склад суседняй з намі Расеі. Пра гэта сведчаць прынамсі статыстычныя звесткі нашых заходніх суседзяў. На памежным прапускным пункце Тэрэспаль за першыя пяць месяцаў сёлета прытулку ў Польшчы папрасілі амаль чатыры тысячы чачэнцаў. Летась за той жа перыяд іх было менш за дзве тысячы.

Некаторыя з тых, каму адмовілі, намагаюцца прабрацца ў Еўропу праз Украіну. Іншыя – застаюцца ў Берасці і спрабуюць ізноў.

«Памежнікі адказваюць за прыняцце заяваў ад замежнікаў пра наданне ім міжнароднай аховы. Пастанаўляе ж кіраўнік аддзелу справаў іншаземцаў. І памежнікі правяраюць асобаў, якія ўязджаюць на тэрыторыю Польшчы вельмі скрупулёзна. Асабліва ў кантэксце цяперашняй сітуацыі ў Еўропе. Трэба разумець, што мяжа Польшчы – гэта ўсходняя мяжа Еўразвязу. На нас, памежніках, ляжыць адказнасць, каго мы ўпускаем на тэрыторыю Еўразвязу», – тлумачыць Агнешка Гольяс, прэсавы сакратар галоўнай управы памежнай службы Польшчы.

У Берасці цяпер перабываюць прыблізна дзве з паловаю тысячы чачэнцаў, якія спрабуюць трапіць у Еўразвяз, сцвярджаюць удзельнікі пратэсту. Паводле беларускага боку, яны не парушаюць ніякіх законаў, бо, як грамадзяне саюзнае дзяржавы, маюць права быць на тэрыторыі нашае краіны.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары