«Усё знікае, праходзіць, як дым, светлы ж след будзе вечна жывым»: сёння дзень народзінаў Максіма Багдановіча


Запаветы сапраўднага паэта і беларуса, які аддаў апошнія хвіліны жыцця на напісанне перадсмяротнага верша.

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Менску, у сям’і настаўніка. У 1892 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Горадню. У 10-11 гадоў пачаў пісаць вершы па-беларуску. 6 чэрвеня 1907 года ў газеце «Наша Ніва» апублікавалі ягонае першае апавяданне «Музыка», а ў 1909 годзе ў гэтай газеце публікуюць першыя вершы паэта. У 1911-ым пасля заканчэння Ніжагародскай мужчынскай гімназіі Максім Багдановіч паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. У 1913 годзе ў друкарні Марціна Кухты быў надрукаваны зборнік вершаў Багдановіча «Вянок». У 1914–1916 гг. працягвае актыўна займацца паэтычнай творчасцю і перакладамі. Пасля заканчэння юрыдычнага ліцэю вярнуўся ў Беларусь, у Менск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскі харчовы камітэт. Браў актыўны ўдзел у працы Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны. У лютым 1917-га Багдановіч паехаў на лячэнне ад сухотаў у Крым у Ялту, дзе 25 траўня паэта не стала.

Максіма Багдановіча пахавалі ў Ялце на Новых гарадскіх могілках (цяпер Старыя гарадскія могілкі). У дзень смерці паэта ягоны бацька – Адам Багдановіч – быў у службовай камандзіроўцы ў Сімферопалі. Пра смерць сына ён напісаў наступнае:

«Скончался он 12(25) мая, но я известие об этом получил на 4-й день после его смерти. Он не дал хозяйке моего адреса, не желая меня тревожить. После его смерти она нашла мой Ярославский адрес и телеграфировала по этому адресу, а пока пришла телеграмма из Ярославля был уже четвертый день. Я тотчас на автомобиле отправился в Ялту. Но он уже был похоронен
Похоронили его на ялтинском кладбище, что недалеко от Николаевской улицы по направлению к горам, на самой окраине кладбища внизу, в 3 саженях от окраины, близ дороги, со стороны противоположной к морю, т.е. со стороны гор. В головах поставлен небольшой белый крест с надписью на жестяной табличке его имени (студент Максим Адамович Багданович) и когда он скончался».

У 1924 годзе на ягонай магіле ўсталявалі помнік з радкамі з ягонага верша «Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі…». У 20-ыя гады мінулага стагоддзя крыж на магіле паэта знішчылі, а на яго месцы зʼявіўся помнік з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай, які і стаяў там да 2003 года, калі на магіле паэта ўсталявалі помнік скульптараў – Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

На пачатку 1980-ых гадоў уздымалася пытанне аб пераносе праху паэта з Ялты ў Менск, але ініцыятары пераносу не атрымалі афіцыйнага адказу па гэтым пытанні.

Сярод папераў, што засталіся пасля нябожчыка, знайшлі матэрыялы для беларускага буквара, над якім ён, імаверна, працаваў перад смерцю. А на крэсле каля ложку, у якім Максім Багдановіч памёр, – кнігу, і на ёй кароткі, на адну страфу верш, перадсмяротнае прызнанне, унікальнае ў сваім родзе ўва ўсёй сусветнай паэзіі.

«Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты»

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары