Уся надзея на біятлон і фрыстайл. Расклад выступленняў нашых алімпійцаў


На Алімпіяду ў Пхёнгчхангу Беларусь прывезла 32 спартоўцаў, якія выступяць у шасці відах спорту.

Другі вынік у гісторыі

32 спартсмены на зімовых гульнях – другі вынік у гісторыі нашай зборнай. Рэкордным стаў 1994 год, калі ў нарвежскі Лілехамер пад бела-чырвона-белым сцягам зборная Беларусі прывезла 33 спартоўцаў.

На мінулай Алімпіядзе ў Сочы ў нас было 27 алімпійцаў, але яны далі максімальны вынік – шэсць медалёў (тры золата Дар’і Домрачавай у біятлоне, першае месца Алы Цупер і Антона Кушніра ў фрыстайле ды бронза Надзеі Скардзіно у біятлоне). Наагул у гісторыі выступленняў незалежнай Беларусі на зімовых гульнях мы заваёўвалі 15 медалёў і львіная доля з іх прыйшлося на біятлон (8 узнагарод) і фрыстайл (6 медалёў). Адзіным выключэннем стала срэбра нашага канькабежца Ігар Жалязоўскага ў Лілехамеры. Гэтая тэндэнцыя мае мала шанцаў змяніцца на гэтых гульнях. У Пхёнгчхангу ізноў усе надзеі на жаночы біятлон і фрыстайл.

Больш за палова зборнай Беларусі дэбютанты.

У Карэю Беларусь прывезла не вельмі збалансаваны склад спартоўцаў. Усе хто браў медалі на мінулай Алімпіядзе ў Расеі ў абойме і цяпер. Тут і алімпійскія чэмпіёны мінулых гульняў Дарʼя Домрачава, Ала Цупер і Антон Кушнір, бронзавы прызёр Алімпіяды ў Сочы Надзея Скардзіно. Прыехаў на Алімпіяду і 44-гадовы лыжнік Сяргей Далідовіч (для нараджэнца Оршы гэта сёмая Алімпіяда). У Пхёнгчханг яго браць спачатку не жадалі, але Сяргей пачаў збіраць грошы для ўдзелу ў гульнях на краудфандінгавай пляцоўцы, і магчыма, гэта прымусіла вярнуць Далідовіча ў склад зборнай Беларусі.

Цікава, што большасць спартоўцаў (18) якія прыехалі ў Паўднёвую Карэю ў складзе беларускай зборнай – дэбютанты гульняў. А 11 нарадзіліся за межамі Беларусі (8 – у Расеі, 2 – ва Украіне, адзін у Казахстане). А некаторыя алімпійцы, да прыкладу, як натуралізаваныя расейцы Юры Данілачкін (31-ае месца на апошняй Алімпіядзе і Марыя Шканава (29-ае месца) паедуць на другую сваю Алімпіяду за кошт беларускага бюджэту турыстамі.

Таксама звернем, увагу на трэнерскі штаб зборнай Беларусі. 44-гадовы Уле-Эйнар Бʼёрндален не змог адабрацца для ўдзелу ў гульнях як спартовец. Васьмікратны алімпійскі чэмпіён і 20-цікратны чэмпіён свету прыехаў у Карэю ў якасці трэнера у складзе зборнай Беларусі.

Першымі на старт выйдуць беларускія лыжніцы

10 лютага на старт выйдуць восем беларускіх спартоўцаў. А 14:15 па беларускім часе пачнецца спрынтарская гонка на 7,5 км у біятланістак. Беларускія заўзятары змогуць пазаўзець за Дарʼю Домрачаву, Надзею Скардзіно, Ірына Крыўко і Надзею Пісараву. У ёй Домрачава здольная заваяваць медаль. Задача мінімум для астатніх – трапіць у 60 наймацнейшых, што дазволіць прыняць удзел гонцы пераследу 12 лютага а 13:10.

Першымі сярод беларусак на Алімпіядзе ў Карэі выйдуць лыжніцы Паліна Сераносава і Юлія Ціханава, якія а 10:15 стартуюць у скіатлоне. А 14:00 дыстанцыю 3000 метраў будуць бегчы Марыне Зуевай, а наступны старт у яе 12 лютага а 15:30. Максім Сяргееў а 13:00 пачне кваліфікацыю ў шорт-трэку на 1500 метраў і з вялікай верагоднасцю неўзабаве свой выступ на Алімпіядзе і скончыць.

11 лютага спрынт на 10 кіламетраў у беларускіх біятланістаў. На старт выйдуць: Сяргей Бачарнікаў, Уладзімір Чапелін, Раман Елентаў, Антон Смольскі. Тут на медалі шанцаў мала, але ёсць неабходнасць трапляць у 60 мацнейшіх, каб выступіць 12 лютага ў гонцы пераследу. Яе пачатак а 15:00. А 5:00 раніцы пачнуцца спаборніцтвы ў горных лыжах, дзе на старт выйдзе Юры Данілачкін. А ў 9:15 стартуе лыжная гонка ў скіатлоне (15 км+ 15 км), у ёй возьмуць удзел тры беларусы: Сяргей Далідовіч, Юры Астапенка і Міхаіл Сямёнаў.

12 лютага акрамя гонкі пераследу можна будзе пазаўзець за Марыну Шканаву. Яна пачне свой выступ у гіганцкім слаламе а 4:15.

Беларускія лыжныя акрабаты пачнуць свае выступы бліжэй да наступных выходных. 14 лютага з 14:00 да 15:20 адбудзецца кваліфікацыя, а калі пашчасціць у той жа час на наступны дзень – фінал. 16 і 17 – га лютага па той жа схеме і ў той жа час, што і ў жанчын, выступяць беларускія мужчыны-фрыйсталісты: Антон Кушнір, Максім Гусцік і Станіслаў Гладчанка.

І не забываем сачыць за біятлонам: 14 лютага а 14:10 індывідуальная гонка ў жанчын. 15 лютага ў мужчын. 17-га і 18-га лютага а 14:15 масстарт. 20 лютага (14:15) змяшаная эстафета, 22 лютага а 14:15 эстафета ў жанчын, а 23 лютага ў мужчын.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў