«Устаньце, падсудны стрэлачнік!»

Пачаўся суд над стрэлач… Прабачце – над прапаршчыкам. Тым самым, з Печаў, які больш за трыццаць разоў ужываў гвалт у дачыненні да малодшых па званні. Адзін з іх, шараговы Коржыч, быў потым знойдзены ў пятлі.

Калі шырокая грамадскасць пасля выкрыцця адпаведных фактаў пачала патрабаваць расправы з міністрам абароны Андрэем Раўковым, я публічна параіў так высока не заходзіць. І справа не ў тым, што я не лічу асабіста міністраў адказнымі за стан, які склаўся ў даручанай ім галіне. Акурат наадварот. Проста за нядоўгі час свайго знаходжання на чале міністэрства генерал Раўкоў наўрад ці запусціў справы настолькі, што цяпер на яго трэба спісаць усе вайсковыя праблемы.

Але, сябры, ці не падаецца вам, што зараз абмяжуюцца выключна стрэлач… Прабачце – прапаршчыкам? Ён, вядома, калі сапраўды адбіраў у шарагоўцаў карткі для ўжывання за іх кошт кавы, «прадаваў» ім права тэлефанаваць па іх жа тэлефонах, і гэтак далей – с*** яшчэ тая. Але ёсць сістэма выхаваўчай работы ў войску. Ёсць тыя, хто за яе адказвае. І калі генерал-лейтэнант Раўкоў за два гады мог не «уехаць» у сітуацыю ў асобна ўзятых Печах, то генерал-маёр Гура, галоўны ідэолаг і выхавальнік пакалення, што прызвалі служыць, свае форменныя штаны з лампасамі праседжваў цягам далёка не аднаго году і нават не двух. Менавіта на яго замыкаецца тая сістэма, якая мае абавязак паводле пасады змагацца з падобнымі злоўжываннямі, адсочваць іх і спыняць на корані. Аляксандр Мікалаевіч, здаецца, нават дысертацыю па псіхалогіі паспеў абараніць. Але публічна яго стаўленне да таго, што здарылася ніяк не агучылі. Прынамсі, у пазаведамственнай інфармацыйнай прасторы. Хоць менавіта ён, столькі гадоў кіруючы дадзеных напрамкам работы, адказнасць і павінен несці.

Я не пра суд. Я пра ідэйную адказнасць. Бо прапаршчык не мог бы займацца самакіраваннем у падраздзяленні, каб агульная псіхалагічная атмасфера ў частцы гэтаму не спрыяла. Гэта значыць, непасрэдныя камандзіры мусяць – за бяздзейнасць – знаходзіцца на адной лаве. А генерал-маёр Гура – сысці ў адстаўку.

Але нам падсоўваюць стрэлач… Прабачце – прапаршчыка. Страшней за прапаршчыка ў войску праблемы няма. І больш высокай па пасадзе за прапаршчыка асобы няма. Генералы-псіхолагі з ім не далі рады. Таму яго пасадзяць (гэта, падобна, будзе), а генерал застанецца сядзець у сваім крэсле.

Таму што калі яго зняць з пасады, іншыя лепшымі не будуць. Генерал-выхавальнік – ён таксама свайго роду стрэлачнік. Але тут было б хоць нейкае адчуванне вышэйшай справядлівасці, калі ўжо галоўнакамандуючы за Печы не адказвае. Ён жа на пасадзе – даўжэй за Гуру.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў