Усталёўвалі фільтры, утрая завышаючы кошт. У Магілёве выкрылі групу махляроў


Міліцыянты спынілі дзейнасць групы махляроў, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі гарвадаканалу ды жыхкамгасу і выманьвалі грошы ў пенсіянераў.

Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Злачынцамі аказаліся супрацоўнікі камерцыйнай структуры. Іхнай дзейнасцю праваахоўнікі зацікавіліся пасля сігналу з боку старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Уладзіміра Даманеўскага, якому ў сваю чаргу на махляроў паскардзіліся жыхары гораду.

Махляры прыходзілі дадому пераважна да пенсіянераў, прадстаўляючыся супрацоўнікамі Магілёўскага гарвадаканалу і раённага жылкамгасу, і ставілі людзей перад фактам, што фільтры ў любым выпадку трэба будзе ўсталяваць, а таму лепей гэта зрабіць «цяпер па зніжцы».

Даверлівыя пенсіянеры плацілі ад 280 да 350 рублёў, пры тым што сярэдняя цана такога абсталявання – каля 100 рублёў.

Такім чынам супрацоўнікі фірмы паспелі рэалізаваць свой тавар і паслугі жыхарам Магілёва ды Магілёўскага раёну, а таксама Асіповічаў, Кіраўску ды Быхаву, атрымаўшы агульны прыбытак больш, чым на 3 тыс. рублёў.

12 ліпеня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 257 Крымінальнага кодэксу (падман спажыўцоў, здзейснены групай асобаў па папярэдняй змове). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Як не стаць ахвярай махляроў

  • правярайце пасведчанні асобаў грамадзянаў, якія прапануюць паслугі
  • высвятляйце іхнае месца працы, правярайце нумары іхных службовых пасведчанняў
  • калі названыя асобы з’яўляюцца працаўнікамі недзяржаўнай арганізацыі, набываць у іх нейкае абсталяванне неабавязкова
  • калі тыя, хто прапануе свае паслугі, зʼяўляюцца працаўнікамі дзяржаўнай арганізацыі (Гарводаканал, ЖЭУ і г.д.), варта ўсталяваць у даведачнай ці іншым шляхам нумар кантактнага тэлефона, пасля чаго стэлефанавацца з дадзенай арганізацыяй для высвятлення прычынаў абавязковасці набыцця абсталявання (як правіла, адказ будзе, што абсталяванне набываецца па жаданні заказчыка)
  • па магчымасці ўдакладніце фактычны кошт прапанаваных вам тавараў або паслугаў, параўнайце кошты ў іншых фірмаў і арганізацыяў
  • да высвятлення ўсіх абставінаў не падпісвайце ніякіх дакументаў і не перадавайце нікому грашовыя сродкі альбо рэквізіты сваіх банкаўскіх картаў
  • калі ж вы ўсё ж такі сталі ахвярай аналагічнай супрацьпраўнай дзейнасці, неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў