«Усміхайцеся, федэральныя каналы!» Як сябе паводзіла і што казала Надзея Саўчанка на судзе?


На працэсе над украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай былі сваркі, чорны гумар і шырокая ўсмешка. З залы расейскага суда перадае адмысловы карэспандэнт Belsat.eu Караль Лучка.

Сёння, 21-га сакавіка, завяршылася першая частка апошняга пасяджэння расейскага суда над расейскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якую трымаюць у Расеі пад вартай. Суддзі паспелі сёння падаць аргументы абвінавачвання і доказы па справе; пазіцыя абароны і канчатковы вырак мусіць прагучаць 22-га сакавіка.

Глядзіце яшчэ >>> Расейскі Данецк у дзень вынясення выраку Саўчанцы. Рэпартаж

У залу суда сёння ўпусцілі крыху больш за 20 чалавек. Уваходы ахоўвала паліцыя ў масках і ўзброеныя да зубоў спецназаўцы.

Паколькі суддзя падчас працэсу не выкарыстаў мікрафон, цяжка зразумець пра што вядзецца ў тэхнічнай частцы прысуду, які зачытваўся. Эмоцыяў дадавала толькі Надзея Саўчанка, якая шырока ўсміхалася, энергічна скардзілася чыноўнікам на ўмовы працэсу ды спрабавала на мове жэстаў паразумецца з чальцамі сваёй сямʼі.

На паседжанне ўпусцілі прадстаўнікоў пераважна расейскіх тэлеканалаў, якія падтрымліваюць палітыку Уладзіміра Пуціна. Таму Саўчанка, на знак пратэсту ў некаторым сэнсе, увесь час глядзела ў абʼектывы камер з шырокай усмешкай, каб, магчыма, не даць магчымасці прапуцінскім журналістам паказаць яе ў негатыўным святле.

«Усміхайцеся, федэральныя каналы! Я вам усміхаюся, і вы невядома чаму маеце такія сумныя-сумныя міны!» – з амаль дзіцячым гумарам Надзея звярнулася да журналістаў, прысутных у судзе.

Праз вялікую колькасць матэрыялаў паседжанне цягнулася цэлы дзень – ад 11:00 да 19:00. Суддзі некалькі разоў абвяшчалі перапынак у слуханні.

Пасля аднаго з іх у зале ўзнікла праблема, бо не ўсім хапала месцаў для сядзення. Калі сітуацыю вырашылі Надзея пракаментавала гэта з адценнем чорнага гумару.

«Цяпер ужо ўсе сядзяць!» – жартавала ўкраінская лётчыца.

Наступны прыпынак каля 16:00 крыху зацягнуўся, бо ў залу ўпусцілі прадстаўнікоў пракрамлёўскай моладзевай арганізацыі «Нашы». Маладыя людзі былі апранутыя ў футболкі з фотаздымкамі журналістаў, да смерці якіх нібыта мела дачыненне Саўчанка. Гэта выклікала кароткую, але вострую спрэчку паміж маладымі людзьмі і ўкраінскімі дыпламатамі.

Украінскія VIP-персоны часта сварыліся з іншымі прысутнымі ў судовай зале. Прадстаўніца ўкраінскага консульства ў Растове-на-Доне, да прыкладу, даволі рэзка звярнулася да нібыта пракрамлёўскай журналісткі.

«Пайшла адсюль! Ты не з Бі-Бі-Сі, а з Першага каналу», – сказала ўкраінская дыпламатка, якая адмовілася называць журналістам сваё імя.

Вечарам Надзея Саўчанка выглядала вычарпанай. У яе было мала сілаў, каб працягваць усміхацца перад камерамі.

Было відаць, як яна папрасіла паліцыянтаў, каб дазволілі ёй сесці, бо падчас чытання выраку яна мусіла ўвесь час стаяць. Лётчыца ўжо не жартавала. З яе вуснаў гучалі толькі абвінавачанні, што расейскія спецслужбы незаконна выкралі яе з тэрыторыі Украіны.

Пасля заканчэння паседжання адзін з адвакатаў Саўчанкі Мікалай Полазаў паведаміў журналістам, што абарона мае дастаткова доказаў, каб абскардзіць заўтрашнюю рашэнне, калі яно будзе негатыўным для Надзеі, у судзе вышэйшай інстанцыі.

«Мы бачылі, як суддзям перадалі нейкія дадатковыя карткі, калі яны хацелі ўвайсці ў судзейскі пакой для нарадаў. Вельмі верагодна, што гэта была спроба паўсплываць на іх: так што гэта будзе яшчэ адна падстава для магчымага абскарджання», – сказаў Полазаў.

Слуханне адновіцца раніцай 22-га сакавіка а 10:00 паводле расейскага часу. Чакаецца, што суддзі вынесуць канчатковы прысуд Надзеі Саўчанцы заўтра ўвечары.

Караль Лучка, belsat.eu

Стужка навінаў