Усім фігурантам справы Чыжа выстаўленыя абвінавачванні

video

Юрый Чыж. Фота sputnik.by

Усім фігурантам справы ўладальніка групы кампаніяў «Трайпл» Юрыя Чыжа выстаўленыя абвінавачванні.

Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын.

11-га сакавіка разам з Чыжом былі затрыманыя яшчэ пяць службовых асоб «Трайплу», пра імёны і пасады якіх КДБ пакуль не інфармуе. Усім прадʼяўленыя абвінавачванні ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры), усе знаходзяцца пад вартай.

Чытайце яшчэ >>> Чаму Юрый Чыж трапіў у няміласць?

На прэс-канферэнцыі 15-га сакавіка старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў, што Юрый Чыж, даведаўшыся пра ператрусы ў офісах кампаніяў, спрабаваў на машыне бегчы за мяжу. Паводле слоў Вакульчыка, на хуткасці 220 км/г бізнесовец рухаўся спачатку ў бок літоўскай, а потым польскай мяжы. Каб яго злавіць, уводзіўся план «Перахоп».

https://www.youtube.com/watch?v=tB0AOwF8Qtg

Паводле інфармацыі Камітэту дзяржбяспекі, летам мінулага года Чыж і два ягоныя расейскія партнёры звярнуліся ў КДБ з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці намесніка Чыжа Уладзіміра Япрынцава. Падчас расследавання было выяўленае ўхіленне ад выплаты падаткаў у «Трайпле», да якога мае дачыненне сам Чыж. Прамыя доказы гэтага аказаліся ў распараджэнні КДБ 11-га сакавіка.

Устаноўлена, што ў 2012 годзе на загад Чыжа ў Маскве была створаная фірма. Яе заснавальнікам стаў грамадзянін Расеі, які падчас знаходжання Чыжа ў Маскве выконваў функцыі яго памочніка і кіроўцы. «Трайпл» перадаў гэтай фірме права на свой таварны знак, а затым практычна штомесяц пераводзіў ёй буйныя сумы пад выглядам платы за карыстанне таварным знакам. Гэтыя грошы пераводзіліся ў наяўныя ў Маскве, перадаваліся касіру, а той перадаваў іх Чыжу. Такіх фірмаў, паводле слоў Вакульчыка, было досыць шмат.

Чытайце яшчэ >>> «За Чыжом паляцяць стрыжы і ўсе астатнія»

Нанесеная дзяржаве страта ацэньваецца ў мільярды рублёў.

ТАА «Трайпл» заснаванае ў 1992 годзе як фірма па аптовым гандлі прамысловымі і харчовымі таварамі. У далейшым кампанія вырасла ў шматпрофільную групу. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце «Трайплу», на сённяшні дзень кампанія працуе ў наступных сферах: будаўніцтва; рытэйл; рэстараны і кафэ; развіццё сеткі АЗС; ўэлнэс; вытворчасць безалкагольных напояў; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў; мясцовы турызм; мытныя паслугі; фармацэўтычная вытворчасць; сельская гаспадарка; сацыяльныя праекты.

Чытайце яшчэ >>> Футбаліст «Дынама»: Усе перажываюць за Чыжа – мы і для яго гуляем

Юрый Чыж таксама зʼяўляецца старшынёй наглядальнага савету футбольнага клубу «Дынама» (Менск).

У 2012-ым годзе Чыж быў унесены ў спіс асобаў, да якіх выкарыстоўваюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕЗ, як бізнесовец, «які аказвае фінансавае падтрыманне рэжыму Лукашэнкі праз сваё прадпрыемства «Трайпл», актыўнае ў розных сферах беларускай эканомікі». У кастрычніку 2015 года суд ЕЗ прыняў рашэнне пра адмену абмежавальных захадаў у дачыненні да Чыжа, кампаніі «Трайпл» і ФК «Дынама» (Менск) за недаказанасцю абвінавачванняў.

22-га сакавіка з СІЗА КДБ перавялі пад хатні арышт затрыманага раней кіраўнік кампаніі «Сервалюкс» Яўгена Баскіна.

МЯ, паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары