Усіх расейскіх студэнтаў вывезуць з Турцыі


Расейскія студэнты, якія навучаюцца ў Турцыі па абмене, будуць вернутыя ў Расею, заявілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі і навукі РФ.

«Усе студэнты, якія знаходзяцца ў Турэцкай Рэспубліцы па праграмах акадэмічных абменаў, будуць у максімальна сціслыя тэрміны вернутыя ў Расею», – паведамілі ў прэс-службе ў аўторак.

Супрацоўнік прэс-службы растлумачыў «Інтэрфаксу», што ўсяго ў Турцыі знаходзіцца менш за сто студэнтаў-расейцаў.

Напярэдадні кіраўнік Міністэрства адукацыі і навукі РФ Дзмітрый Ліванаў заявіў, што ВНУ Расеі накіраваны ліст аб неабходнасці прыпыніць супрацу з Турцыяй. У прэс-службе растлумачылі, што, у прыватнасці, у лісце гаварылася пра адмену запланаваных паездак расейскіх выкладчыкаў і студэнтаў у рэспубліку.

Акрамя таго, у Міністэрстве адукацыі і навукі РФ растлумачылі, што ў сферы агульнай адукацыі паміж Расеяй і Турцыяй дзейнічала толькі адно пагадненне. 27 лістапада ў адрас турэцкай боку было накіравана апавяшчэнне аб яго скасаванні, інфармавалі ў расейскім міністэрстве.

24 лістапада Турцыя збіла расейскі бамбавальнік Су-24, абвінаваціўшы яго ў парушэнні паветранай прасторы. Расейскі бок сцвярджаў, што мяжу парушыў турэцкі знішчальнік. НАТО падтрымала Турцыю ў сітуацыі са збітым расейскім бамбавальнікам.

Пасля гэтага адносіны паміж Расеяй і Турцыяй абвастрыліся. З 1 студзеня Расея адмяніла бязвізавы рэжым з Турцыяй

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў