Усіх «чорнакапацеляў» возьмуць на аловак?


Паводле археолагаў-аматараў, у Горадні міліцыя абтэлефаноўвае ўладальнікаў металадэтэктараў.

Усё часцей ад т.зв. «чорных археолагаў» паступаюць трывожныя паведамленні пра ўзмоцненую зацікаўленасць імі міліцыяй. Супрацоўнікі МУС, у прыватнасці, абтэлефаноўваюць аматараў даўніны, удакладняючы іх пастаяннае месца жыхарства.

Так, капацелю Станіславу патэлефанавалі на мабільны, удакладняючы, ці жыве той па месцы прапіскі.

«Калі я перапытаў, у сувязі з чым званок, – распавядае Станіслаў, – супрацоўнік мне патлумачыў: «Ну вы ж капаеце», хоць я не хаджу з дэтэктарам ужо больш за пяць год. Атрымліваецца, мой тэлефон захоўваецца ў іх у нейкай базе…».

[vc_single_image image=”368425″ img_size=”large”]

Пра падобныя тэлефанаванні распавялі і іншыя археолагі-аматары, якія, зазвычай, не любяць паказваць сваіх твараў ды называць прозвішчаў.

«Думаю, што гэта прафілактычныя меры, – лічыць капацель Іван, – бо сапраўды ёсць невялікая частка капацеляў, якую цікавіць зброя часоў І і ІІ сусветных войнаў. Таму гэта прафілактыка: пару год таму міліцыя правярала на наяўнасць зброі школьныя музеі, сёлета капацеляў, наступным годам – яшчэ нешта прыдумаюць…».

На дадзены момант у Беларусі не забаронена карыстанне металадэтэктарамі, якія апошнім часам увайшлі ў моду сярод археолагаў-аматараў. Большасць з іх шукае ў палях старыя манеты, гузікі ды іншыя металічныя артэфакты старажытнасці. Юрыдычна капацель можа парушыць закон толькі калі раскопвае археалагічныя помнікі (курганы, гарадзішчы), вытоптвае засеяныя палі, капае ў месцы, дзе пракладзены кабель або …сапраўды шукае зброю ды боепрыпасы.

Цікаўнасць міліцыі да капацеляў менавіта гэтай восенню можа тлумачыцца і дакументамі, якія неўзабаве могуць набыць у Беларусі юрыдычную вагу. Гэта новы Кодэкс па культуры, Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Указ прэзідэнта аб удакладненні аховы археалагічных аб’ектаў і артэфактаў. Згодна новаму Кодэксу, напрыклад, металашукальнікі будуць забароненыя для звычайных грамадзянаў, роўна як і купля-продаж археалагічных артэфактаў. Археалагічным артэфактам жа лічыцца фактычна любы прадмет, знойдзены ў зямлі.

«Такая цікаўнасць з боку міліцыі – ненармальная з’ява, – лічыць старшыня Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка, – бо металашукальнікі пакуль яшчэ не выведзеныя з абароту. Так, ёсць асобы, якія займаюцца менавіта пошукам зброі, але яны не кантактуюць з калекцыянерамі – у іх свае колы знаёмстваў».

[vc_single_image image=”368424″ img_size=”large”]

Са словаў Віктара Іванавіча, пошук зброі часоў ІІ Сусветнай калі і мае сэнс, дык ва Ўсходняй Беларусі, дзе баявыя дзеянні былі больш інтэнсіўнымі. Тут жа, на Захадзе, калі нешта падобнае і шукаць – дык артэфакты часоў І Сусветнай, бо фронт у той час некалькі год праходзіў праз Гарадзеншчыну ды Берасцейшчыну. Абсалютную ж большасць капацеляў зброя не цікавіць у прынцыпе.

«Спіс чальцоў Беларускага нумізматычнага таварыства калісьці ўжо хацелі займець сабе супрацоўнікі міліцыі, – працягвае Какарэка, – але я сказаў: «Давайце запыт праз Міністэрства юстыцыі на канкрэтнага чалавека». Больш пытанняў не было».

Да новага Кодэксу Віктар Какарэка агулам ставіцца станоўча, але на моманты, датычныя капацеляў, глядзіць крытычна:

«Ёсць людзі, якія зрабілі сабе імя на барацьбе з «чорнай археалогіяй», напрыклад, сенатар Ігар Марзалюк, які і прасоўвае гэты Кодэкс. На жаль, тут ідзе лабіяванне інтарэсаў толькі аднаго боку – дзяржавы».

Па-іншаму пытанне з артэфактамі выглядае ў той жа Вялікай Брытаніі. Кожны прадмет, зроблены з каштоўнага металу да XVIII ст., чалавек, які яго знайшоў, абавязаны занесці і паказаць у музей. Калі ў музеі такая рэч ёсць, то ўладальнік з чыстым сумленнем можа пакінуць яе сабе. То бок дзяржава «дорыць» не цікавыя ёй артэфакты тым, хто іх знайшоў, але калі ты не паказаў знаходку – значыць скраў.

Нагадаем таксама, што капацелі, незалежна ад таго, раскопваюць яны курганы, зямлянкі са зброяй або наўпрост шукаюць старыя гузікі на палях, заўжды былі ў пэўнай «зоне рызыкі». Напрыклад, пасля менскіх выбухаў у 2008-м, капацеляў таксама запрашалі на зняцце адбіткаў пальцаў ды бралі тлумачэнні. Калі ж новы Кодэкс будзе прыняты парламентам, тысячы ўладальнікаў металадэтэктараў аўтаматычна апынуцца паза законам.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў