Усходні фланг НАТО – заходні рубеж Беларусі


У Еўропе працягваюцца вялікія амерыканскія вайсковыя манеўры пад гучнай назвай «Атлантычнае рашэнне». Вучэнні ахопліваюць тэрыторыю ад Фінляндыі па Грузію. Мэта аперацыі – паказаць падтрымку саюзнікам і адбіць у патэнцыйнага агрэсара жаданне атакаваць усходні фланг НАТО.

Прэзентацыя тэхнікі, усмешкі, фотаздымкі на памяць. Сотні жыхароў Беластоку цёпла павіталі амерыканскі вайсковы канвой, які ўпершыню ў гісторыі наведаў сталіцу Падляшша.

Капітан Расэл Мур, армія ЗША:
«Гэта аперацыя называецца Рэйд Драгунаў. Для нас вельмі важна што такім чынам мы можам праехаць амаль 2000 км».

Драгуны, так трыста гадоў таму называлі пяхоту якая перамяшчалася на конях. Такую мянушку мае амерыканская кавалерыя – мотапяхотныя часткі, якія сваім ходам вяртаюцца з Эстоніі ў Нямеччыну.

Юліюш Сабак, Вайсковы эксперт парталу Defence24.pl:
«Аперацыя Рэйд Драгунаў мае дзве мэты. Па-першае сігналізуе, што амерыканцы прысутнічаюць, яны бачныя, падтрымліваюць саюзнікаў на Усходзе».

Гаворка ідзе пра прыбалтыйскія дзяржавы і Польшчу, якія адчуваюць пагрозу з боку Расеі. Гэта ўсходні фланг НАТО.

Юліюш Сабак, вайсковы эксперт парталу defence24.pl:
«Але ёсць і тактычная мэта. Гэта тэст транспартных і камунікацыйных магчымасцяў амерыканскіх сілаў, бо ў выпадку пагрозы ім прыйдзецца перамяшчацца сухапутным шляхам. Яна рашуча больш хуткая і бяспечная чым марскі шлях па Балтыцы».

Беласток толькі кароткі прыпынак. 90 бронетранспарцёраў Страйкер і некалькі сотняў вайскоўцаў едуць далей ўздоўж беларускай мяжы, на поўдзень. Гэта частка вялікіх вучэнняў амерыканскай арміі ў Еўропе – Атлантычнае рашэнне. Манеўры пачаліся пасля агрэсіі Расеі супраць Украіны ў Крыме і на Данбасе. Здзіўляе адсутнасць рэакцыі афіцыйнага Менску на амерыканскія войскі за 50 кіламетраў ад беларускай мяжы.

Андрэй Паротнікаў, вайсковы эксперт, Belarus Security Blog, Менск:
«Беларускія ўлады не рэагуюць таму што ніякай пагрозы гэтыя калонны для нашай бяспекі не ўяўляюць. Гэта нешматлікія вайсковыя аддзелы, батальён ці два максімум. Яны нават не ўмацоўваюць бяспеку краінаў дзе яны размешчаныя, але гэта сімвал таго, што ў выпадку дэстабілізацыі ці вонкавай агрэсіі Злучаныя штаты гэтым разам у баку ўжо не застануцца».

Гэта даказвае і прыбыццё пад Варшаву батарэі Пэтрыёт, упершыню з баявымі ракетамі, для ўдзелу ў вучэннях з польскімі вайскоўцамі.

Стывен Мал, Амбасадар ЗША ў Польшчы:
«Сёння мы дэманструем магчымасць хуткага размяшчэння ракетаў Пэтрыёт у Польшчы калі будзе такая патрэба. Мы тут каб паказаць нашым польскім саюзнікам, што амерыканскія гарантыі бяспекі ў рамках НАТО значаць болей чым словы на паперы».

Папера – гэта пяты параграф Паўночнаатлантычнай дамовы на падставе якога ўдзельнікі НАТА ўспрымаюць атаку на аднаго з саюзнікаў як атаку на ўсіх.

Юліюш Сабак, вайсковы эксперт парталу Defence24.pl:
«Прысутнасць Пэтрыётаў у сувязі з вялікай колькасцю расейскай авіяцыі ў Калінінградзе гэта важны сігнал. Раней у Польшчы былі Пэтрыёты але без ракетаў ці з вучэбнымі ракетамі. Бачна што амерыканцы ўспрымаюць сітуацыю больш сурёзна».

Палякам таксама не да жартаў. Іхная супрацьпаветраная абарона базуецца на савецкіх ракетах і моцна састарэла. Расея можа хутка перакінуць у Калінінградскую вобласць тактычныя ракеты Іскандэр і тады, без амерыканскай патрымкі, Варшава застаецца безабароннаю.

Падпалкоўнік Ліса Бартэл, армія ЗША:
«Мы тут каб правесці некалькі заняткаў з палякамі і падзяліцца вопытам паміж двума ракетнымі сістэмамі».

А вопыт можа неўзабаве прыдасца. Магчыма яшчэ сёлета, палякі выберуць супрацьпаветраныя ракеты для сваёй арміі. Кошт кантракту дзесяць мільярдаў еўраў.

Юліюш Сабак, вайсковы эксперт парталу Defence24.pl:
«Гэта таксама быў элемент рэкламы сістэмы Пэтрыёт, якая ўдзельнічае ў тэндэры на польскую сістэму супрацьпаветранай абароны Вісла».

Амаль цягам году амерыканскія войскі дэманструюць сваю прысутнасць ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Вучэнні не скочваюцца а наадварот пашыраюцца на Румынію, Балгарыю і Грузію, бо канфлікт ва Украіне не вырашаны. Яшчэ ніколі раней не было так шмат амерыканскіх жаўнераў і настолькі блізка межаў Беларусі.

Сяргей Пеляса, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары