Усебеларускі сход пастанавіў падтрымаць шлях эканамічнай стагнацыі

video

«Усяго добрага, поспехаў вам, беражыце сябе», – развітанне Лукашэнкі напрыканцы Усебеларускага сходу нагадала інтэрнэт-супольнасці нядаўнюю сустрэчу расейскага прэм’ера з пенсіянерамі Крыму.

Грошай бракуе і ў беларускім бюджэце – акурат цяпер урад працуе над скарачэннем сёлетніх выдаткаў на чарговыя 7 %. Таму, у адрозненне ад папярэдняга Усебеларускага сходу, сабранага шэсць год таму, сярэдні заробак $ 1000 кіраўнік краіны ўжо не абяцаў.

На сёлетнім з’ездзе кіраўнік краіны агучваць канкрэтныя абяцанні ўжо не браўся, а замест гэтага даваў парады.

Але ў зале паседжання крытыка ўладаў з боку 2500 удзельнікаў абмежавалася сціплым адзіночным пратэстам – падчас галасавання аб рэзалюцыі сходу. Адна з удзельніц, спачатку падняла самотную руку супраць, але адразу апусціла яе.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання і кандыдат на прэзідэнцтва 2010 года Віктар Цярэшчанка – салідарны з адзінокаю пратэстоўцай у тым, што праграма ўраду да 2020 года, ухваленая рэзалюцыяй, – разбуральная для краіны.

Кандыдат эканамічных навук спадар Цярэшчанка тлумачыць: урадавая праграма сыходзіць з таго, што да сённяшняга дня развіццё Беларусі было ўстойлівае. Таму, вынікае з яе, кіраваць эканомікай і надалей трэба тымі ж метадамі, дзе-нідзе толькі іх аптымізуючы.

Паводле ж міжнародных крэдытораў, эканамічны рост Беларусі пакуль яшчэ ніколі ня быў устойлівы. З 1996 года ён забяспечваўся нізкаю базаю ды прывілеяваным доступам на расейскі рынак, потым – пашырэннем расейскіх субсідыяў і за кошт падаражэння калію ды нафтапрадуктаў і, нарэшце, пасля 2007 года – няспынным нарошчваннем замежнай запазычанасці.

На сённяшні дзень усе чыннікі, што дазвалялі дасягаць эканамічнага росту з такім неэфектыўным выкарыстаннем рэсурсаў, як гэта робіцца пры дзяржаўным кіраванні прадпрыемствамі, – ужо вычарпаныя. Сыравіна ў агляднай будучыні значна не падаражэе, з расейскага рынку нас выціскаюць канкурэнты, а замежная запазычанасць ужо дасягнула такога парогу, што ў бюджэту бракуе сродкаў на яе абслугоўванне. У гэтай сітуацыі, тлумачаць адмыслоўцы, працяг існай эканамічнай палітыкі азначае паглыбленне дэградацыі эканомікі.

 Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары