Урокі тэрору. Як СССР дэпартаваў заходнебеларускае насельніцтва ў 1940 годзе


13 красавіка 1940 году адбылася другая хваля выгнання мірнага заходнебеларускага насельніцтва ў усходнія рэгіёны СССР. Многія з нашых продкаў усяго некалькі месяцаў да гэтага віталі прыход Чырвонай Арміі як вызваленне ад польскай акупацыі, аднак хутка аказалася, што войскі бальшавікоў на сваіх штыках прынеслі значна большае гора – гвалт, турмы і канцлагеры, масавыя забойствы.

Гітлер і Сталін як «вызваліцелі»

Савецкія жаўнеры ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, якая тады была ў складзе Польшчы, 17 верасня 1939 году. Такім чынам Іосіф Сталін па дамоўленасці з Адольфам Гітлерам нанёс удар у спіну Войску Польскаму, якое з 1 верасня вяло зацятыя баі з войскамі нацысцкай Нямеччыны.

Беларускія патрыёты ў Заходняй Беларусі ў той час амаль пагалоўна стаялі на антыпольскіх пазіцыях – гэта было натуральнай рэакцыяй на афіцыйную антыбеларускую палітыку Варшавы. Многія, амаль не маючы дакладнай інфармацыі пра падзеі на Усходзе, з надзеяй глядзелі на Беларускую ССР, лічачы яе сапраўднай дзяржавай, дзе развіваецца нацыянальная культура і адукацыя, а эканоміка працуе на дабро ўсяго насельніцтва.

Беларуская нацыяналістычная ўлётка

Таму камуністычныя войскі былі спачатку цёпла прынятыя беларускім і габрэйскім насельніцтвам. Больш за тое, у некаторых мясцінах, да якіх паспеў дайсці нямецкі вермахт, з радасцю сустракалі як вызваліцеляў і немцаў. Аднак немцы хутка сышлі, і жыхары Заходняй Беларусі засталіся сам на сам з гасцямі з Масквы.

Адпрацаваныя метады

На той час Народны камісарыят унутраных спраў СССР (НКВД) – галоўны рэпрэсіўны орган маскоўскага камуністычнага рэжыму – ужо меў вялікі досвед рэпрэсіяў цэлых групаў грамадства паводле нацыянальнай і сацыяльнай прыкметаў.

Прыкладна два гады мінула з хвалі рэпрэсіяў 1937-1938 году, калі толькі паводле афіцыйных звестак расстралялі 681.692 жыхароў СССР – пераважна тых жа самых працоўных і сялянаў, уладу якіх камуністы быццам бы ўвасаблялі. Гэта прыкладна ў тысячу раз болей, чымся афіцыйна забілі ў нацысцкай Нямеччыне да пачатку Другой сусветнай вайны.

Чырвонаармейцы галасуюць за рэпрэсіі супраць «права-трацкісцкага блока». Маскоўская вобласць, 1938 год

Яшчэ сотні тысячаў адправілі ў турмы і канцэнтрацыйныя лагеры, выслалі на Дальні Усход, Сібір і Казахстан.

Усходняя Беларусь ужо аблілася крывёй пад уладай СССР. Цяпер і на тэрыторыі Заходняй Беларусі было прынята рашэнне выкарыстоўваць такія ж метады ліквідацыі ўсіх, хто мог крытычна ставіцца да «дасягненняў сацыялістычнага ладу».

Дэпартацыі

Першая хваля масавай дэпартацыі пачалася ў лютым 1940 г. 21 лютага кіраўнік НКВД БССР Лаўрэнцій Цанава накіраваў ліст першаму сакратару Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Панцеляймону Панамарэнку:

«Операция началась на рассвете 10 февраля. К концу дня в основном была завершена. В связи с высокими морозами (-37..-42 градуса), пургой и большими заносами, погрузка в эшелоны затянулась до 13 февраля. Выселению подлежали 9810 хозяйств (52 892 человека)… Было погружено в эшелоны 50 224 человека, арестовано 307 человек, умерло и убито во время операции 4 человека. Репрессировано после 13 февраля и помещено в изоляторы для последующей высылки 197 человек. Таким образом, общее количество репрессированных составило 9854 хозяйства (50 732 человека)».

Толькі ў лютым 1940 году камуністы адправілі ў ГУЛАГ больш за 50 тысячаў жыхароў Заходняй Беларусі. Да вясны з іх загінула больш за 11 500 асобаў, у асноўным дзеці і старыя.

Характэрна, што ані Цанава, ані Панамарэнка не былі беларусамі і не мелі ніякага дачынення да Беларусі перад прызначэннем на свае фактычна галоўныя ў марыянетачнай «рэспубліцы» пасады – яны абодва былі прысланыя кіраваць БССР у 1938 годзе пасля некалькіх хваляў масавых расстрэлаў мясцовага кіраўніцтва.

Другая дэпартацыя адбылася 13 красавіка 1940 году, падчас якой з Заходняй Беларусі было выселеныя 26.777 чалавек. Трэцяя хваля дэпартацыі адбылася 29 чэрвеня 1940 году, у Сібір вывезлі 22 879 асобаў. У часе чацвёртай дэпартацыі ў чэрвені 1941 г. вывезлі 22 353 асобаў.

Закінутыя могілкі «спецпасёлку» №61 у Халмагорскім раёне Архангельскай вобласці Расеі. Паводле звестак на 1.1.1941 тут знаходзіліся 413 палякаў, 141 беларус, 74 украінца і 24 прадстаўніка іншых нацыянальнасцяў. Фота gulagmuseum.org

Больш паловы дэпартаваных складалі жанчыны, дзеці, асобы сталага ўзросту. Многія паміралі ў дарозе ці на новых месцах рассялення, паведамлялі чыноўнікі НКВД:

«Большая смертность объясняется отчасти тем, что спецпоселенцы не привыкли к сибирскому климату, большинство не имеют теплой одежды и обуви, благодаря чему появились гриппозные и простудные заболевания со смертельным исходом. Этому способствовало и плохое снабжение продуктами питания, что особенно плохо отражалось на здоровье детей и стариков».

Яшчэ многія тысячы былі гвалтоўна загнаныя («завербаваныя») на працы на розныя прадпрыемствы і шахты ў іншых рэгіёнах СССР. Апошні эшалон з тымі, хто быў адпраўлены ў выгнанне, адыходзіў з Берасця 21 чэрвеня 1941 году.

Досвед нянавісці

Дэпартацыя габрэяў у Гародні, лістапад 1941 году. Фота http://www.yadvashem.org/

Спачатку Усходняя Беларусь, а потым Заходняя атрымалі ўрок масавага тэрору, знішчэння і «нейтралізацыі» рэальных ці проста магчымых ворагаў цэлымі сем’ямі па прынцыпе калектыўнай адказнасці.

Гэты ўрок выкліча нянавісць да камуністаў з боку тых самых людзей, якія толькі што віталі Чырвоную Армію. Ужо ў чэрвені 1941 году ў Заходняй Беларусі бальшавіцкіх функцыянераў, афіцэраў НКВД і проста чырвонаармейцаў будуць забіваць на вуліцах і вешаць на ліхтарах. Часам разам з іхнымі семʼямі.

Прыход нацыстаў і пачатак іхнага тэрору, у тым ліку Галакост і спаленне вёсак, ужо не будуць нечым прынцыпова новым для беларусаў – рэпрэсіям па прынцыпе калектыўнай адказнасці іх ужо навучылі бальшавікі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў