Урад разглядае пытанне ўвядзення бязвізавага рэжыму для інвестараў


Праект нарматыўнага акту пра бязвізавы рэжым для рэзідэнтаў краінаў, якія актыўна інвестуюць у Беларусь, знаходзіцца на разглядзе ў Савеце міністраў. Праект падрыхтавала Нацыянальнае агенцтва інвестыцыяў і прыватызацыі (НАІП), паведамляе ctv.by.

Агенцтва прапануе зрабіць для рэзідэнтаў гэтых краінаў магчымасць знаходзіцца ў Беларусі без візы цягам 15 працоўных дзён. Чакаецца, што такія паслабленні дапамогуць зрабіць Беларусь больш прывабнаю не толькі для інвестараў, але і для турыстаў.

«Мы арыентаваліся на досвед шэрагу дзяржаваў Еўразійскага саюзу. У першую чаргу… Казахстан і Кыргызстан. Да чаго гэта прывяло, можна паглядзець на прыкладзе Кыргызстану. За год павялічыўся экспарт турыстычных паслугаў на 36 %, а інвестыцыі ў эканоміку краіны на 68 %», – адзначае Наталля Нікандрава, дырэктар НАІП.

Паводле Нікандравай, рашэнне бязвізавага рэжыму палепшыла б адносіны Беларусі з Еўразвязам і паспрыяла б «спрашчэнню візавых фармальнасцяў краінамі ЕЗ у дачыненні да грамадзянаў Беларусі», – мяркуе Наталля Нікандрава.

ЮВ, belsat.eu, паводле investinbelarus.by, ctv.by

Стужка навінаў