Урад разглядае магчымасць павышэння ўзросту продажу алкаголю да 21 года


Пытанні папярэджання алкагалізму ды іншых шкодных звычак абмяркоўвалі на паседжанні Міжведамственнай рады па фармаванні здаровага ладу жыцця на чале з віцэ-прэм’ерам Васілём Жарко.

На нарадзе адзначылі неабходнасць скарачэння алкаголю. Акрамя ўзроставага абмежавання, чыноўнікі прызналі мэтазгодным «дадаткова вывучыць» прапановы скараціць колькасць дазволеных гандлёвых месцаў для рэалізацыі алкаголю, пытанні якасці і асартыменту беларускага віна, а таксама ўдасканаленне рэабілітацыі залежных ад алкаголю.

У жніўні адзін з дэпутатаў-ініцыятараў змагання з алкаголем заявіў, што гаворкі пра сухой закон не ідзе, а ўсе прапановы скіраваныя ў першую чаргу на бяспеку дзяцей.

За абмежаванне продажу алкаголю выступае і МУС. На пачатку снежня ведамства зладзіла апытанне пра ўвядзенне больш жорсткіх узроставых/часовых ды іншых абмежаванняў. У ВК-суполцы МУС 46,8 % рэспандэнтаў выступае супраць узроставых абмежаванняў на продаж.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, найбольш п’юць еўрапейцы ў цэлым. А беларусы – другія ў свеце пасля Літвы па спажыванню ўмоўнага спірту на душу насельніцтва. За мінулы год сярэдні беларус набыў і выпіў 15 літраў гэтага самага ўмоўнага спірту.

Больш за ўсё беларусы п’юць піва, на другім месцы гарэлка, на трэцім – так званыя «чарнілы», таннае пладова-ягаднае віно. Пры гэтым у статыстыку не ўваходзіць нелегальны алкаголь: самагон ад кума, сумнавядомы «Глог» з аптэкі, ды «палёны» спірт пераважна расейскай вытворчасці.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары