Урад Расеі прапаноўвае прэзідэнту РФ падпісаць з Беларуссю пагадненне аб размяшчэнні на яе тэрыторыі расейскай авіябазы


Урад Расеі на пасяджэнні 2 верасня прыняў рашэнне прапанаваць прэзідэнту Расейскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну падпісаць Пагадненне паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы ўчарашняга пасяджэння апублікаваныя на сайце ўраду РФ некалькі гадзін таму.

«Падпісанне Пагаднення будзе спрыяць арганізацыі сумеснай аховы вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнню Адзінай рэгіянальнай сістэмы проціпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, палажэнні пагаднення на працяглы тэрмін замацуюць расейскую вайсковую прысутнасць у рэгіёне і будуць садзейнічаць умацаванню яго бяспекі», – гаворыцца ў паведамленні.

Інфармацыя пра будучую авіябазу на беларускай тэрыторыі апошнія два гады зыходзіць выключна ад расейскага боку. Беларускія ўлады на гэты конт не выказваюцца. Маўчыць кіраўніцтва Беларусі пра расейскую вайсковую базу і сёлета, у год прэзідэнцкіх выбараў, падае БелаПАН.

15 кастрычніка 2014 года галоўнакамандуючы Вайскова-паветранымі сіламі РФ генерал-палкоўнік Віктар Бондараў паведаміў, што Расея ў 2016 годзе створыць у Беларусі авіябазу, на ўзбраенні якой будуць знаходзіцца знішчальнікі Су-27.

«Авіябаза ВПС Расеі ў Беларусі будзе створана ў 2016 годзе. Там будуць базавацца знішчальнікі Су-27», – сказаў Бондараў журналістам падчас рабочай паездкі па аб’ектах ВПС Расеі, якія будуюцца. Паводле яго слоў, расейскія самалёты будуць базавацца ў Бабруйску на вайсковым аэрадроме, на якім маюць правесці рэканструкцыю.

Праўда, двума месяцамі раней Бондараў гаварыў пра іншы аэрадром у Беларусі. Гэтак, 11 жніўня ён заявіў, што расейская авіяцыйная база знішчальнікаў у Беларусі будзе дыслакавацца ў Баранавічах (Берасцейская вобласць), а не ў Лідзе (Гарадзенская вобласць), як паведамлялася раней. «У Лідзе мы ніколі не планавалі, у Баранавічах – будзе. Чакаем рашэння міжурадавай камісіі», – сказаў Бондараў, адказваючы на пытанне журналістаў пра планы паступлення самалётаў ВПС РФ на расейскую авіябазу ў Беларусі.

Вясной 2013 года міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Менску, паведаміў пра планы РФ размясціць на тэрыторыі Беларусі ў 2015 годзе авіяполк. Таксама паведамлялася, што расейская авіябаза будзе знаходзіцца ў Лідзе і на ёй будуць размешчаныя мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3.

У сакавіку 2014 года ў межах абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам другога этапу праверкі боегатоўнасці Узброеных сілаў на аэрадром у Бабруйск (Магілёўская вобласць) пераляцелі шэсць знішчальнікаў Су-27 расейскіх ВПС, а ў Баранавічы – авіяцыйны комплекс радыёлакацыйнага дазору і навядзення А-50. Пасля заканчэння праверкі А-50 паляцеў у Расею. Расейскі бок казаў, што да канца 2014 года авіябаза мае паўстаць у Баранавічах.

Перад гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы выказаўся за размяшчэнне на тэрыторыі краіны 12-15 расейскіх знішчальнікаў у адказ на перакідванне НАТО авіяцыйных сіл у Прыбалтыку і Польшчу.

У Беларусі дэмакратычная супольнасць выступае супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Падобная база існавала ў Крыме, што значна аблегчыла захоп паўвыспы расейскімі сіламі.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў